На Пухавіччыне пачаліся «Каласавіны»

Па традыцыі ў лістападзе ў нашым раёне праходзяцьКаласавіны” —  мерапрыемствы, прысвечаныя дню нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, які лічыў Пухавіччыну сваёй другой радзімай і праводзіў тут шмат часу. У гэтым годзе яны пачаліся з адкрыцця выставыТаямніцы беларускай сялянскай хатыў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. Эпіграфам для яе сталі словы Коласа: “Добра мне тут, мне тут міла, родна ўсё і блізка. Тут хлябок мой, мая хата і мая калыска…”.

На выставе прадстаўлены рэчы з фондаў раённага краязнаўчага музея, якія можна было пабачыць у традыцыйнай сялянскай хаце ў канцы XIX  — першай палове ХХ стагоддзя: прадметы побыту, адзенне, прылады працы.

У экспазіцыі няма стылізаваных пад даўніну навадзелаў. Усе рэчы,  прадстаўленыя на выставе, — аўтэнтычныя,  зроблены рукамі жыхароў нашага раёна. І, напрыклад,  “гісторыю” адзення, ручнікоў, посцілак  можна прасачыць ад поля: людзі вырошчвалі лён, апрацоўвалі яго,  ткалі  палатно, шылі адзенне, упрыгожвалі яго вышыўкай. Да нашых дзён захаваліся  некаторыя імёны тых, хто ўсё гэта рабіў.

 

 

Так,  ільняны пояс з узорам, вытканым шарсцянымі ніткамі, які выкарыстоўваўся для спавівання дзіцяці, належыў  жыхарцы  вёскі Дукора Наталлі Абразоўскай. Зроблены ён быў у 1908 годзе. Адзін з прадстаўленых на выставе ручнікоў  у 1911 годзе выткала і ўпрыгожыла вышыўкай  таксама жыхарка вёскі Дукора Вера Давыдоўская. Ільняную посцілку з рознакаляровым геаметрычным арнаментам выткала  ў 1939 годзе Хрысціна Грэкава, а  посцілку з ільняных, баваўняных і шарсцяных нітак — жыхарка вёскі Клятное Аляксандра Паддубоцкая ў 1959 годзе.

Прадстаўлены на выставе  рэчы, які сёння дакладна нідзе болей, акрамя музея,  не пабачыш. Гэта самаробная шчотка для расчэсвання валасоў са свінога шчаціння, гаспадарчы бязмен XIX стагоддзя, сявенька  —  прыстасаванне, якое ў сялянскай гаспадарцы ўжывалася для ручной сяўбы, і іншыя.

Аўтэнтычныя рэчы робяць выставу ўнікальнай. Там сапраўды можна здзейсніць падарожжа ў мінулае. А яшчэ ўявіць сабе побыт і герояў  коласаўскай “Новай зямлі”, і тых сялян, у якіх гасцяваў на Пухавіччыне народны паэт.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *