Маленькія пухавіччане пазнаёміліся з беларускімі традыцыямі і культурай
Замест штодзённага адзення — нацыянальныя касцюмы, замест звыклай для дзяцей рускай мовы — беларуская. У яслях-садку №2 горада Мар’іна Горка прайшло незвычайнае мерапрыемства, падчас якога дзеці бліжэй пазнаёміліся з беларускімі традыцыямі і культурай.
У дэфіле беларускіх нацыянальных касцюмаў прынялі ўдзел другія малодшыя, сярэднія і старэйшыя групы. Падрыхтоўкай касцюмаў займаліся бацькі, выхавацелі і іх памочнікі. Хлопчыкі і дзяўчынкі выступалі не толькі ў якасці мадэляў: кожны касцюм быў прэзентаваны песняй, танцам або вершам. Выхаванцы старэйшых груп спявалі прыпеўкі, гулялі ў беларускую народную гульню “Рэдзька”.
— У нашым дзіцячым садку мы надаём вялікае значэнне захаванню нацыянальных традыцый. Каляды, Купалле, “Запрашаем на Багач” — напярэдадні гэтых святаў мы праводзім тэматычныя тыдні, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Юлія Андрыянава. — З прыходам новага музыкальнага кіраўніка Марыны Мажар нашы мерапрыемствы сталі яшчэ больш яркімі і цікавымі.
Фінальным акордам дэфіле стала “беларуская полька”. Маленькія беларусы і беларусачкі перадалі свой бадзёры настрой усім гледачам. Удзельнікі дэфіле ў якасці падарункаў атрымалі кнігі беларускіх паэтаў.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.