Перадавікоў аб’яднаў боўлінг
22 каманды з усяго сталічнага рэгіёна прынялі ўдзел у абласным турніры па боўлінгу. Такім забаўляльна-спартыўным мерапрыемствам штогод завяршаецца акцыя “Маладая Міншчына — за ўраджай”.
У гэтым годзе за каманду Пухавіцкага раёна выступалі работнікі СУП “Дукора-Агра” Дзмітрый Шаўцоў, Станіслаў Перапечка і Яраслаў Швяцоў. Разам з імі за тытул самай прагрэсіўнай каманды змагалася галоўны спецыяліст РА ГА “БРСМ” Святлана Зубарэвіч.
Дзмітрый Шаўцоў вярнуўся ў гаспадарку пасля арміі. Сёлета на ўнясенні мінеральных удабрэнняў Дзмітрый заняў трэцяе месца ў раёне. Яраслаў і Станіслаў нядаўна прыйшлі ў сельгасарганізацыю. Іх сур’ёзныя працоўныя перамогі яшчэ наперадзе.
Усе пухавічане — дэбютанты гульні ў боўлінг. Упершыню яны прыехалі і на гэта мерапрыемства, якое ўжо дзевяты год арганізуюць Мінскі абласны камітэт БРСМ, Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў і Мінская абласная агранізацыя прафсаюза работнікаў АПК.
Кубак пераможцаў заваявалі прадстаўнікі Нясвіжскага раёна. Прызерамі сталі таксама маладыя аграрыі з Мядзеля і Крупак. Пухавіччане атрымалі памятныя дыпломы і, галоўнае, добры настрой.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.