Прайшоў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча.

IMG_4963 (копия) 2Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка — народнага артыста СССР Іосіфа Жыновіча. Менавіта з гэтай нагоды ў праграму фестывалю “Напеў зямлі маёй” было ўключана канцэртнае выступленне знакамітага творчага калектыву, які носіць імя  славутага беларускага цымбаліста, дырыжора, кампазітара, педагагога  — Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь. На канцэрт запрасілі і дачку знакамітага музыканта  Галіну  Жыновіч, якую  гледачы віталі шчырымі апладысментамі.

Падчас канцэрта прагучала і шмат вядомых музычных твораў,  і шмат цікавых гісторый, якія распавяла   музыкавед Вольга Брылон.

Напрыклад, яна расказала, што знакамітага кампазітара Яўгена Глебава для беларускай музыкі адкрыў менавіта Іосіф Жыновіч. Маэстра звярнуў увагу на маладога музыканта на нейкім фестывалі і дамовіўся, каб яго без конкурсу прынялі ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Так у беларускае музычнае мастацтва ўвайшоў выдатны кампазітар, “Святочная ўверцюра” якога адкрывала канцэртную праграму нашага фестывалю. Дырыжыраваў аркестрам Аляксандр Высоцкі.

Галіна Жыновіч.

Галіна Жыновіч.

А пасля на сцэну падняўся кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі «За духоўнае адраджэнне», прафесар Міхаіл Казінец.

— У маім сэрцы шмат цеплыні ад таго, што фестываль заканчваецца менавіта выступленнем аркестра імя Жыновіча,  — звярнуўся да слухачоў  знакаміты дырыжор. — Яго музыка гучыць на яго радзіме. І гэта сімвалічна.

Пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца аркестр выканаў  культавы для ўсіх цымбалістаў твор   Іосіфа Жыновіча — п’есу “Беларуская мелодыя”.  А наступным быў канцэрт для цымбал з аркестрам Дзмітрыя Смольскага, які той напісаў у памяць аб Іосіфе Жыновічы, які пазнаёміў свет класічнай музыкі з цымбаламі.

Тое, што цымбалы — універсальны інструмент, даказалі наступныя канцэртныя нумары. Вельмі велічна прагучала ўверцюра да оперы “Кармэн” Жоржа Бізэ, яскравая знакамітая лязгінка з балета “Гаянэ” Арама Хачатурана. Перад слухачамі прайшоў і самы сапраўдны парад беларускіх народных духавых інструментаў.  Падчас выканання твора “У агародзе верабей” цікава было паслухаць, як у саліста  аркестра Аляксандра Рыцікава   гучаць разнастайныя дудачкі і ражкі.

Часам лёсы таленавітых людзей  вельмі дзіўна пераплятаюцца.  Вядучая канцэрта расказала, што, напрыклад, Ігара Лучанка Іосіф Жыновіч запрыкмеціў, калі той быў яшчэ школьнікам. У аркестры не хапала музыкантаў, і  тады маэстра запрасіў  14-гадовага юнака да сябе ў калектыў. Такім чынам, першым месцам працы Ігара Міхайлавіча значыцца Нацыянальны акадэмічны  народны аркестр Рэспублікі Беларусь.

У рэпертуары аркестра і яго салістаў нямала твораў Ігара Міхайлавіча. Некаторыя з іх прагучалі і падчас канцэрту.  Акрамя таго, калектыў зрабіў спецыяльны падарунак і выдатнаму кампазітару, і нашаму гораду — песню   “Мар’іна Горка”, якую Ігар Міхайлавіч напісаў на словы Барыса Бруснікава.

Кожны кампазітар у сваіх творах славіць  мелодыі сваёй зямлі. Так і Іосіф Жыновіч некалі пачутыя ў родных Арэшкавічах беларускія народныя найгрышы паклаў у аснову сваіх твораў, што сталі знакамітымі на ўвесь свет. Мабыць, ёсць яны і ў “Беларускіх танцах” — п’есе, якая завяршала канцэртную праграму. Пасля таго, як прагучалі яе апошнія акорды, зала доўга не адпускала музыкантаў. “Брава” аркестру, “брава” цымбалам —  менавіта гэта хацела напаследак  сказаць публіка віртуозным музыкантам.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *