Гарадская бібліятэка арганізавала праект у падтрымку беларускай кнігі.

Безимени-1 (копия)Беларуская кніга выхоўвае ў дзяцей самыя лепшыя чалавечыя якасці: чуласць, дабрыню, сяброўства, любоў да Радзімы, прыроды, людзей.

На жаль, дзеці больш звяртаюць увагу на творы рускіх і замежных аўтараў. Таксама існуе праблема чытання на беларускай мове.

Супрацоўнікі  нашай  бібліятэкі  прыйшлі да  высновы: для таго, каб беларуская кніга заняла належнае месца ў жыцці дзяцей і каб абудзіць у іх жаданне звярнуцца да скарбонкі беларускай літаратуры, трэба распрацаваць цыкл мерапрыемстваў, якія б мелі сістэматычны характар і стымулявалі цікавасць дзяцей да беларускай кнігі. Так нарадзіўся праект «Кнігакампанія «Сымон і К@» у падтрымку  беларускай кнігі і чытання».

Праект прадугледжвае кожны месяц знаёмства дзяцей з  кнігай беларускамоўных і рускамоўных аўтараў, выкарыстоўваючы нестандартныя формы і метады бібліятэчнай работы, якія накіраваны на ўдасканаленне навыкаў чытання, развіццё маўленчых і творчых здольнасцей юных чытачоў.

На працягу лістапада ў межах праекта прайшоў шэраг цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных папулярызацыі беларускай кнігі.

Якуб Колас  —  знакавае імя  для нашай краіны, яе гісторыі, культуры і найперш — літаратуры. Вялікі паэт і  празаік, ён сваім жыццём, працаю і змаганнем паказаў усяму свету, хто такія мы — беларусы. Любоў народная — той абярэг, які ўзвышае, славіць і ахоўвае яго ў вечнасці, як жывога.

Калектыў нашай бібліятэкі падчас восеньскіх канікул запрасіў юных чытачоў стаць удзельнікамі літаратурна-пазнавальнай экспедыцыі «Каласіцца і саграваць», прысвечанай жыццю і творчасці Якуба Коласа.

Для ўзбагачэння і па-глыблення ведаў дзяцей аб творчасці класіка беларускай літаратуры гульня праходзіла  з выкарыстаннем актыўных і інтэрактыўных метадаў. Дзеці станавіліся не толькі слухачамі, якія ўспрымаюць інфармацыю, але і актыўнымі ўдзельнікамі працэсу пазнання літаратурнай спадчыны  Якуба Коласа.

На першым этапе юныя сябры бібліятэкі сталі ўдзельнікамі «гульні з фактамі»,  у ходзе якой бібліятэкар знаёміла з цікавымі фактамі жыцця паэта, а  дзеці выконвалі творчыя заданні: збіралі пазл, каб даведацца, у якіх мясцінах  на  Пухавіччыне адпачываў Канстанцін Міхайлавіч, чыталі вершаваныя радкі аб прыродзе і адгадвалі,  аб якой з’яве ідзе гаворка, пабывалі на лясной палянцы, дзе неабходна было знайсці кветкі з літарамі і сабраць сапраўднае імя і прозвішча паэта.

Працягам экспедыцыі стала «арт-гульня»: неабходна было выбраць верш з апісаннем любой пары года і намаляваць тыя прыродныя з’явы, якія апісаў Якуб Колас.

Заключным этапам стала інсцэніроўка казкі Якуба Коласа «Воўк-дурань», якую  ўдзельнікі выканалі з дапамогай такой нагляднай формы, як «тэатр на стале», а юныя стваральнікі «тэатра ценяў» прадэманстравалі прысутным інсцэніроўку паводле апавядання «Ноч, калі папараць цвіце».

У межах праекта юныя артысты бібліятэчнага тэатра «Усмешка» падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне «Святло дабрыні», якое адбылося на базе Мар’інагорскай сярэдняй  школы №3. Была падрыхтавана гульня-падарожжа па кнігах Вольгі Савасцюк. Юным гледачам неабходна было прайсці шмат цяжкіх іспытаў і выратаваць казачных герояў. У знак удзячнасці  Фея Кніжнага царства падаравала  гледачам цудоўную сустрэчу з  выратаванымі героямі кніг «Палахлівы матылёк» і «Юлін рэстаран».

А завяршэннем нашага прадстаўлення  стала інсцэніроўка верша «Служака – воўк» аб тым, як:

«Колькі не кармі ваўка,

У лес ён паглядае».

Усе творы нараджаюцца з жыцця. І калі да іх далучаюцца фантазія, уменне гля-дзець на свет вачыма дзіцяці, цікавыя вобразы, аўтарская выдумка, можна разлічваць, што кніга знойдзе свайго чытача. Сустрэча  атрымалася добрай і светлай. Артысты  з вялікім энтузіязмам працавалі над пастаноўкай, вучылі вершы, якія лёгка запаміналіся, стваралі  яскравыя касцюмы.  А  маленькія гледачы палюбілі герояў, захацелі  з імі пасябраваць, а таксама пазнаёміцца і з самім аўтарам, які стварыў столькі цікавых персанажаў.

Наступнае казачнае падарожжа адбудзецца ў гім-назіі, дзе артысты  бібліятэчнага тэатра «Усмешка»   таксама падораць маленькім гледачам  радасць зносін з казачнымі вобразамі, створаныя фантазіяй Вольгі Савасцюк.

Зярняткі літаратурнай творчасці чакаюць сустрэчы з урадлівай глебай дзіцячай фантазіі. З усёй шчодрасцю мы, бібліятэкары, імкнёмся дапамагчы маленькім чытачам у развіцці  іх творчых здольнасцей,   і робім гэта праз далучэнне да  свету беларускай дзіцячай літаратуры.

Вікторыя БУРЛАЧЭНКА,

загадчыца Мар’інагорскай гарадской бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *