Крокі ў прафесію маладых настаўнікаў.
Нягледзячы на тое, што пачынаць любую справу заўсёды няпроста, мы ўсе разумеем: без пачатку не бывае працягу. Гэтая няхітрая формула прымяняецца і да маладых спецыялістаў, якія пасля заканчэння вучобы прыходзяць на сваё першае месца працы, у свой першы працоўны калектыў, дзе трэба будзе даказваць свой прафесійны ўзровень. Рабіць гэта заўсёды цікава, але не заўсёды лёгка, таму што веды — гэта яшчэ не вопыт…
Яго ва ўстановах адукацыі раёна патроху набіраюцца маладыя педагогі (37 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў папоўнілі сёлета раённы педагагічны калектыў). Вось ужо і другая навучальная чвэрць на зыходзе. Значыць, можна падвесці нейкія вынікі?
— Мы можам з упэўненасцю сказаць, што ўсе нашы маладыя спецыялісты паспяхова асвоіліся на сваіх працоўных месцах, — гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Шастакова. — Іх гасцінна сустрэлі ў калектывах школ і дашкольных навучальных устаноў, замацавалі за кожным настаўніка-куратара, які мог бы пры неабходнасці аказаць дапамогу. Для інфармавання моладзі, якая прыехала працаваць у наш раён, мы правялі традыцыйную сустрэчу з прадстаўнікамі банкаўскай сферы, культуры і спорту, прафсаюзных арганізацый. Стараліся, каб усе ведалі пра свае правы, ільготы, магчымасці.
Прайшлі таксама для маладых настаўнікаў і адкрытыя ўрокі, якія далі вопытныя калегі.
Мы спадзяёмся, што моладзь хутка заявіць пра сябе з прафесійнага пункту гледжання. Хаця гэта ўжо і адбываецца. Напрыклад, Вадзім Бяседзін, выпускнік Праўдзінскай СШ, у гэтым годзе вярнуўся ў жніўні ў родную школу ў якасці настаўніка, а ў канцы верасня быў назначаны намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Вось такі давер выказалі ўчарашняму студэнту.
Нядрэнна асвоіліся і маладыя спецыялісты Свіслацкай СШ.
— У гэтым годзе да нас прыйшлі настаўнік матэматыкі Марына Акуліч, біёлаг Вольга Радзюк і псіхолаг Ліліяна Якубовіч, — расказвае пра “папаўненне” дырэктар Свіслацкай СШ Таццяна Селівонец. — Марына Акуліч у свой час была ў нас на практыцы, пасля якой вырашыла застацца. Значыць, ёй спадабалася ў нас. Мы бачым перад сабой перспектыўнага чалавека, здольнага пакарыць не адну вышыню разам з вучнямі. Вольга Радзюк адразу занялася са сваімі вучнямі даследчай працай. Вядуць яе сумесна з тэхналагічным універсітэтам. Гэта таксама сведчыць аб тым, што мы маем зацікаўленага настаўніка, які хоча ісці наперад.
Добрыя словы прагучалі і ў адрас педагога-псіхолага Ліліяны Якубовіч, якая з першых дзён акунулася ў працу з дзецьмі і бацькамі. Дыягностыка, прафарыентацыя, трэнінгі з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, гутаркі з дзецьмі, якія маюць праблемы са зносінамі, са светаўспрыманнем…— работы хапае.
— Нам падабаецца той энтузіязм, з якім Ліліяна ставіцца да сваіх абавязкаў, — кажа Таццяна Рыгораўна. — Хацелася б і далей працаваць з гэтым спецыялістам.
Ліліяна, ураджэнка Любані, зусім выпадкова апынулася ў Свіслачы.
— Ездзіла на працу з Мінска, стамлялася, — дзеліцца думкамі Ліліяна. — Мне прапанавалі месца ў інтэрнаце (дарэчы, маладыя спецыялісты гэтай школы могуць разлічваць на такую дапамогу), але я вырашыла здымаць жыллё. Па калектыўным дагаворы мне даплачваюць за паднаём. Цяпер магу больш часу аддаваць працоўным пытанням.
З кожным днём і Свіслач становіцца для Ліліяны ўсё больш знаёмай і блізкай. Гэтаму спрыяе тое, што ў калектыве пануе камфортная для моладзі атмасфера:
— Я адчуваю, што мяне паважаюць, з маім меркаваннем лічацца. І гэта надае ўпэўненасці і павялічвае жаданне працаваць з аддачай…
Алена ШАНТЫКА.