На сваім месцы

У дзяцінстве Алена Зубок часта дапамагала бацькам на ферме: разам з імі даглядала цялят. Ужо тады было бачна, як стараецца дзяўчынка, і яе шчырыя адносіны да жывёлы. Гэта, напэўна, і прадвызначыла жыццёвы шлях Алены Анатольеўны, якая практычна адразу пасля заканчэння школы  пайшла  працаваць аператарам машыннага даення.

img_6254Гэта была сапраўды любімая справа, і мяняць работу Алена Зубок не збіралася. Але ў жніўні гэтага года Алена  Анатольеўна стала працаваць аператарам па вырошчванні цялят  на  МТК  “Бор”  ААТ  “Аграсімвал”.

— Гэту работу  мне прапанавала начальнік МТК “Бор” Сафія Рымша. Я не вельмі ахвотна, але ж згадзілася, — прызнаецца жанчына. —  Была ўпэўнена, што гэтая праца будзе для мяне часовай. Але вось ужо пяты месяц, як я  штодзень з задавальненнем прыходжу ў цялятнік.

— Я нездарма прапанавала месца   Алене Анатольеўне. Бачна, як яна адказна ставіцца да працы ў цэлым і да жывёл. Я адчуваю людзей, і на гэты раз таксама не памылілася з кандыдатурай, — дадае Сафія Рымша. — Алена працуе з душой. Яна не ўмее быць абыякавай.

Алена Зубок даглядае самых маленькіх цялят, якім яшчэ няма 20 дзён. З такімі, безумоўна, складаней працаваць, чым з дарослымі жывёламі.

— Яны ж зусім як дзеці, — са шчырай усмешкай гаворыць субяседніца. — Ім трэба цёпленькага малачка даць, папаіць кожнага з бутэлькі. Перажываю, калі хтосьці хварэе. У такіх выпадках адразу клічу ветэрынара.

Раней цялят даглядалі даяркі, але ім было няпроста сумяшчаць гэты абавязак з асноўным. Гэта адбівалася і на агульных вытворчых паказчыках. Зараз сітуацыя значна палепшылася: за чатыры месяцы сярэднясутачная прывага ў вазе жывёл, якіх даглядае Алена Зубок, склала 784 грама. Сярэднясутачная прывага ў вазе на МТК “Бор” — 462 грама.У дзень нашай сустрэчы Алена Анатольеўна даглядала 56 цялят. Гэта лічба часта  мяняецца, таму што на ферме амаль кожны дзень адбываюцца расцёлы кароў.

— Гэта толькі на першы погляд яны  ўсе  маленькія  і  падобныя.  Насамрэч  яны  ўсе розныя. Больш за тое, кожны са сваім характарам, — гаворыць  Алена  Зубок. — Я ўжо цалкам  прызвычаілася  да  працы.

Жыве Алена Зубок у аграгарадку Бор, недалёка ад фермы. Да сваіх цялят жанчына прыходзіць тройчы на дзень. Выхадныя і святочныя дні — не выключэнне.Да такога графіку прывыкла. Зараз праца займае большую частку яе часу. Дзеці ўжо дарослыя (іх у жанчыны чацвёра), жывуць асобна.  З хатнімі справамі часта дапамагае муж. Ён  надзейны памочнік і ў цялятніку. Анатоль Зубок, дарэчы, працуе на ферме жывёлаводам.

Падчас размовы Алена Зубок  прызналася, што не ўяўляе сябе ў іншай сферы:

— Я не змагу ўжо без гэтай  працы. Не тое, каб не хачу пераменаў, не. Я знайшла сябе тут, зараз я дакладна на сваім месцы.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *