Парадаваў салодкі ўраджай.

IMG_1432 (копия)

 

Некаторыя гаспадаркі сёлета пашырылі спіс культур, якія  вырошчваюцца на  палетках. Вясной цукровыя буракі пасеялі ААТ “Агра-Абярэг”,  “Зазерка”,  “Племянны завод “Індустрыя”, сельгасфіліялы “Дрычын” і “Светлая ніва”.

Надышоў час збіраць дэбютны ўраджай салодкіх караняплодаў.  Першымі да гэтай справы прыступілі ў ААТ “Племянны завод “Індустрыя”.

Галоўны аграном Сяргей Алесік.

Галоўны аграном Сяргей Алесік.

На палях сельгасарганізацыі  ў дзве змены працуе  буракаўборачны камбайн. Кіраўніцтва гаспадаркі  падпісала дамову з  ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат”. На ўборцы караняплодаў задзейнічаны тэхніка і людзі гэтага прадпрыемства. За дзень збіраюць буракі з плошчы   каля 25 гектараў. Усяго трэба ўбраць 165 гектараў.

— І гаспадарка, і я ўпершыню за працоўную дзейнасць сеяў цукровыя буракі. Стараліся выбраць добрыя палі, звярталі ўвагу на культуру-папярэднік, — расказвае галоўны аграном Сяргей Алесік. — Сяўбу правялі з захаваннем усіх тэхналагічных прыёмаў.  Пасля зрабілі фунгіцыдную апрацоўку пасеваў, дзве падкормкі мікраэлементамі і чатыры разы праводзілі хімпраполку. У ліку механізатараў, якія праводзілі гэтыя работы, былі Аляксей Скіндар і Дзмітрый Бабінскі.

Васіль Булойчык.

Васіль Булойчык.

За добры клопат салодкія караняплоды шчодра аддзячылі земляробам. Сярэдняя ўраджайнасць  складае больш за 550 цэнтнераў з гектара.

Камбайн напаўняе свой бункер буракамі і пасля выгружае іх у бурты. Праз некаторы час пагрузчык, якім кіруе Васіль Булойчык, напаўняе грузавыя машыны салодкім ураджаем, які аператыўна адвозяць на цукроварафінадны камбінат у Слуцк.

— Працую амаль без перапынкаў. Машын шмат, толькі  паспяваю іх загружаць. Чэргаў стараюся не дапускаць, — гаворыць Васіль Булойчык. — У гаспадарцы я працаваў шмат гадоў, але дагэтуль ніколі не даводзілася грузіць цукровыя буракі.

Дэбютны сезон цукровых караняплодаў парадаваў земляробаў гаспадаркі. Гэта можа быць важкай перадумовай для таго, каб наступнай вясной  пасеяць гэтую салодкую культуру на большай плошчы.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *