Культура Пачала працаваць выстава “На шляху ад Пцічы да Махоўкі” Фёдара Ладуцькі. 14.11.2017 115 Redactor Комментариев нет “На шляху ад Пцічы да Махоўкі” — так называецца творчая выстава мастака Фёдара Ладуцькі, якая пачала працаваць у мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. На яе адкрыццё аўтар прыехаў разам са сваімі сябрамі па творчым аб’яднанні “Абуджэнне” — мастакамі Андрэем Лычкоўскім і Яўгенам Шунейкам. На сустрэчу з творцамі прыйшлі работнікі культуры, члены гарадской ветэранскай арганізацыі і прыхільнікі мастацтва, якія проста зайшлі ў галерэю і трапілі на цікавае мерапрыемства. Як выдатны прафесійны мастак Фёдар Ладуцька сфарміраваўся ў Мінску, дзе скончыў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, а затым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Але крыніца яго натхнення — Пухавіччына. Тут ён нарадзіўся і правёў дзяцінства на маляўнічых берагах Пцічы ў вёсцы Махоўка. І менавіта тут ён на ўсё жыццё ўлюбіўся ў беларускі пейзаж. Разам з членамі творчага аб’яднання “Абуджэнне” Фёдар Сяргеевіч аб’ехаў усю Беларусь. Яе сельскія краявіды, архітэктурныя помнікі, рэкі і азёры — на карцінах мастака. Свае работы ён падараваў музеям. Вось і ў мастацкай галерэі нашага краязнаўчага музея знаходзіцца калекцыя яго карцін. З сярэдзіны 2010 года Фёдар Ладуцька сумяшчае шматлікія вандроўкі па Беларусі з паездкамі па розных паўднёва-еўрапейскіх краінах Адрыятычнага ўзбярэжжа: Грэцыі, Італіі, Харватыі і Чарнагорыі. Адтуль ён прывёз цэлыя серыі натурных замалёвак, частку якіх упершыню вырашыў паказаць на персанальнай выставе ў Мар’інай Горцы. Так што пухавіччане сталі першымі, хто зможа ацаніць новыя творы мастака. На правах сябра і калегі ўдзельнікаў мерапрыемства з асаблівасцямі творчасці Фёдара Ладуцькі пазнаёміў Яўген Шунейка — прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства. Па яго словах, Ладуцька валодае мяккай манерай жывапісу. І тое, што ўразіла яго на Адрыятыцы, ён намаляваў неяк па-беларуску, так, як ён піша родныя краявіды — камерна, мякка і цёпла. Сам Фёдар Сяргеевіч прызнаўся, што малюе толькі тое, што кладзецца на душу і на сэрца. Ён лічыць, што сучасны беларускі мастак павінен быць адкрывальнікам новых мясцін і матываў, якія ўзбагачаюць уяўленні гледача аб блізкім і далёкім свеце. Але самыя галоўныя ўражанні і адкрыцці заўжды чакаюць мастака на роднай зямлі, адкуль пачынаюцца першыя сцяжынкі ў жыцці. Гэта галоўная тэма выставы, якая прапануе ўвазе гледачоў прыклад сучасных пошукаў і дасягненняў у пейзажным жывапісе. Наталля ВАСІЛЬЕВА.