Па сучаснай тэхналогіі

Жывёлагадоўчая галіна прыносіць прыбытак круглы год. Таму ў гаспадарках раёна ўсё больш увагі надаецца сучасным тэхналогіям, эфектыўнаму выкарыстанню кармавой базы. На малочнатаварным комплексе «Новае Сяло» сельгасфіліяла «Дрычын»  ААТ «Мінскі малочны  завод №1» утрымліваецца 1454  галавы жывёлы,  з іх 607 — дойнага статку. Той, хто даўно не быў на малочнатаварных фермах гаспадарак, па-сапраўднаму здзівіцца таму, як змянілася сістэма ўтрымання жывёлы.

Жывёлавод Мікалай Кульгавы

Жывёлавод Мікалай Кульгавы

У новых памяшканнях каровы знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні,  адчуваюць сябе вольна  і самі выходзяць на выгульны двор.  На дойку па спецыяльным пераходзе ідуць  у суседняе памяшканне, дзе размяшчаецца даільная  зала. Там устаноўлена сучаснае абсталяванне «Унібокс». Каровы ўжо прывыклі  да такога раскладу, і праблем у рабоце жывёлаводаў няма. А вось аператары машыннага даення  з вялікім вопытам работы прызнаюцца, што яшчэ  сумуюць па былой сістэме, калі каровы знаходзіліся на прывязі, і за аператарамі былі замацаваны групы. Яны ведалі кожную карову, яе нораў, ды і надоі ў кожнай групе былі свае. Зараз на ферме працуюць чатыры аператары машыннага даення. Графік работы:  два рабочыя дні, трэці — выхадны. І вынік работы агульны. Таму задаваць  пытанне, у каго самыя высокія надоі, няма сэнсу.

— Стараюцца ўсе, — гаворыць загадчыца малочнатаварнага  комплексу  Таццяна  Каладзінская. — Заробак  аператараў  напрамую залежыць ад выніку.  На комплексе працуюць сем  жывёлаводаў дойнага статку, тры — на дарошчванні маладняку, тры слесары і чатыры аператары машыннага даення. Алена Забаўская і Надзея Шрэйдар  маюць вопыт работы. А Вольга Карней і Ганна Рагатка нядаўна прыйшлі на комплекс, але працуюць старанна,  каб не адставаць.

Аператар машыннага даення Алена Забаўская

Аператар машыннага даення Алена Забаўская

Умовы на комплексе створаны нядрэнныя. І кармамі жывёла забяспечана. У гаспадарцы нарыхтавалі па 29,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Зараз у рацыёне дойнага статку сянаж, сілас, жом кармавых буракоў, канцэнтраты, рапсавы жмых, патака,  бульба, ёсць мінеральныя дабаўкі.  Кормараздатчык «Ферабокс» добра перамешвае кармы і раўнамерна падае на кармавы стол.  Жывёлаводы  кантралююць працэс і па неабходнасці падгортваюць кармы. Зараз тут у сярэднім атрым-ліваюць у суткі  12,3 кілаграма малака ад каровы.  Кожны дзень комплекс адгружае 5570 кілаграмаў малака. Усё яно здаецца вышэйшым гатункам. За мінулы месяц надоена ад кожнай каровы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 11 кілаграмаў малака больш. Чакаецца павелічэнне надояў, бо пачаліся расцёлы. У кастрычніку расцялілася 20 першацёлак.

Ёсць, канешне, і праблемы. Жывёла, як і людзі, хварэе. Хворая карова дае менш, або няякаснае малако. А вось ветэрынарнага ўрача ў гаспадарцы зараз няма.

Заатэхнік-селекцыянер Алена Няборская і падгоншчык жывёлы Аляксандр Губанаў

Заатэхнік-селекцыянер Алена Няборская і падгоншчык жывёлы Аляксандр Губанаў

— Дапамогу нам аказвае ветэрынарны  ўрач з ААТ «Аграсімвал»: ён праводзіць вакцынацыю. Раімся са спецыялістамі  райветстанцыі, а дзе можам, спраўляемся самі, — гаворыць Таццяна Генадзьеўна. —  Пастаянна бываюць у нас галоўны заатэхнік Марына Мечыславаўна Лукашонак, заатэхнік-селекцыянер Алена Дзмітрыеўна  Няборская. Мая спецыяльнасць — тэхнік-асемянатар. Бачым, якія праблемы узнікаюць, — самі можам даць укол, зрабіць нейкія нескладаныя працэдуры. Аднак  усе разам мы не заменім урача. Не хоча моладзь працаваць у жывёлагадоўлі. Дзе яны, тыя маладыя спецыялісты, якіх рыхтуюць вышэйшыя навучальныя ўстановы? І ад сталіцы мы недалёка, і ўмовы ў нас ня-дрэнныя, і зарплата. А кадраў не хапае.

І ў яе голасе адчуваецца трывога. Інакш і не можа быць, калі чалавек перажывае за справу.

Вольга  ЛУГАВАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *