Першы на Міншчыне “Дзень ураджаю” прайшоў у 1926 годзе.

Грамота2Я дакладна магу сказаць, калі  на Міншчыне пачалі праводзіцца конкурсы  на  лепшую сялянскую гаспадарку — правобразы сённяшніх  спаборніцтваў і сярод  вялікіх  сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, і сярод вясковых падвор’яў. А  разам  з  імі  і  святы  ўраджаю. У 1926 годзе! Ведаю я гэта таму, што ў самым першым конкурсе прымаў удзел мой прадзед, Ігнат Іванавіч Езубчык. І  захаваліся дакументы, якія гэта пацвярджаюць.

У сямейным архіве ёсць пасведчанне з наступным тэкстам: “Дадзена гэтае пасведчанне  грамадзяніну Езубчыку І. з вёскі Баравая Слабада  Пухавіцкага раёну Менскай акругі ў тым, што яго  гаспадарка  прымала ўдзел  у I-м акруговым конкурсе на лепшую сялянскую гаспадарку і атрымала прэмію ў суме 100 рублёў за імкненне да  агранамічных ведаў і прыстасаванне іх у гаспадарцы, за  ўлік  і запісы ў гаспадарцы з 1906 года, што подпісам і прыкладам  пячаткі  сведчыцца”.   Дата:  верасень, 12 дня, 1926 года.

Таксама захаваўся дыплом. Падпісаны ён наступным чынам: “Мінскі акруговы Зямельны Аддзел. Пачэсны дыплом выданы ў свята “Дню ўраджаю” гаспадару вёскі Баравая Слабада Навасёлкаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна Езубчыку Ігнату Янавічу за культурную працу ў галіне паляводства”. Дата стаіць 1926 год. Подпіс — “загадчык Мен.акрза (Мінскага акруговага зямельнага аддзела) Філагаў і таварышы”.Диплом3

Я, на жаль, не ведаю, як мой прадзед патрапіў на гэтую выставу, адкуль ён  наогул пра яе даведаўся.  Хутчэй за ўсё, мясцовая ўлада  папрацавала. Бо іншую крыніцу распаўсюджвання такой інфармацыі ў тыя гады ўявіць сабе цяжка. Яшчэ, магчыма,  прачытаў у газетах, бо да апошняга свайго дня ён абавязкова праглядаў усю прэсу, што толькі магла да яго  патрапіць, гэта я ведаю дакладна. Як і тое, што быў ён добрым аграномам. У яго асабістай бібліятэцы  захоўваліся кнігі па агранаміі, многія з якіх былі выдадзены яшчэ да рэвалюцыі. І па ўспамінах бабулі, усё, што ён сеяў альбо садзіў сваімі рукамі, заўсёды давала добры ўраджай.  Мабыць, сапраўды вылучалася гаспадарка   Ігната  Іванавіча   сярод астатніх, раз  атрымаў  ён  запрашэнне паў-дзельнічаць у першым  на Міншчыне конкурсе гаспадароў. А потым былі і іншыя. Захаваўся яшчэ адзін дыплом,  запіс у якім выклікае цэлы шэраг пытанняў, што могуць датычыцца гісторыі раёна. Зверху дакумента  надпіс: “БССР. Народны камісарыят земляробства”. Далей: “Дыплом І ступені. Дадзены грамадзяніну Езубчыку Ігнату Янкаву  з вёскі Баравая Слабада, за культурныя дасягненні ў паляводстве (тут частка тэкста страчана)… што высвятлілася на гаспадарчай выстаўцы ў Падблоні. Дата: 14 кастрычніка 1928 года”.

Указанне месца, дзе праходзіла выстава, зацікавіла больш за ўсё. У Падблоні — гэта ў нашым раёне. І адсюль некалькі пытанняў. Гэта была выстава раённая  ці рэспубліканская? Калі раённая, то чаму дыплом выданы ад імя  Народнага камісарыята земляробства БССР, а не ад імя  мясцовых улад? А  калі  ўсё  ж  рэспубліканская альбо нейкі яе этап, то можна  выказаць здагадку, што ў Пухавіцкім раёне  пасля заканчэння грамадзянскай вайны сельская гаспадарка развівалася хуткімі тэмпамі, і было што паказаць людзям.

Узнікла ў мяне і яшчэ адно пытанне:  ці можна лічыць Дзень ураджаю, што прайшоў у 1926 годзе,  прамым папярэднікам сучасных  “Дажынак”?   Я б адказала станоўча, бо ідэя ў падмурку гэтых розных падзей адна і тая ж:  вылучыць лепшых земляробаў і прылюдна  выказаць  ім  падзяку за працу. І па форме правядзення яны вельмі падобныя: лепшых вызначаць па выніках конкурсу ці спаборніцтва, праводзіць выставы дасягненняў, узнагароджваць дыпломамі і грашовымі прэміямі пераможцаў. Тыя, хто  згодзіцца з маімі  вывадамі, згодзяцца і з высновай: традыцыя вітаць лепшых хлебаробаў зарадзілася на Міншчыне роўна 91 год назад!

Даведка. Адміністрацыйнае дзяленне Беларускай ССР змянялася некалькі разоў. З 1926 года па 1930 існавала такая адміністрацыйная адзінка, як Мінская акруга. На працягу гэтага часу ў яе склад уваходзіла ад 11 да 19 раёнаў, у тым ліку і Пухавіцкі. Мінская вобласць была ўтворана ў 1938 годзе.

Наталля    ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *