Культура Адбылося літаратурнае свята “Веліч памятных радкоў” 05.03.2018 194 Redactor Комментариев нет Да Міжнароднага дня роднай мовы Пухавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка сумесна з вучнямі і настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры 10-11 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 2 горада Мар’іна Горка” падрыхтавала і правяла літаратурнае свята “Веліч памятных радкоў”, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, нашага земляка Алеся Бачылы. Алесь Бачыла пакінуў значны след у беларускай літаратуры. Ён не толькі вызначыў свой жыццёвы выток, але і сам стаў адным з вытокаў жывой, несупыннай ракі, якую мы называем — Паэзія. Доўгі час у Беларусі кожная раніца пачыналася радыёпазыўнымі “Радзіма мая дарагая”. Мы да іх прывыклі, як да дыхання, і не заўсёды задумваліся, хто іх аўтар. А належаць словы гэтай песні Алесю Бачылу. Ён даў жыццё песні, а крылы — кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. Яна стала любімай і ў прафесійных спевакоў, і ў народных калектываў, і за бяседным святочным сталом. На дзіва ўдала спалучыліся простыя сардэчныя словы паэта з мілагучна-сцю задушэўнай мелодыі, якая перадае сыноўнюю любоў да роднай зямлі і высокі гонар за Радзіму. Менавіта з гэтай песні пачалося свята, якое суправаджалася слайд-прэзентацыяй “Песеннае сэрца паэта”, падрыхтаванай супрацоўнікамі бібліятэкі. У час прэзентацыі вучні чыталі вершы Алеся Бачылы. На працягу ўсяго свята меладычна гучала родная беларуская мова. Мерапрыемства завяршылася аглядам літаратуры кніжнай выставы “Паэт лірычны, задушэўны” па творчасці Алеся Бачылы. Алена ПУЦІЦКАЯ.