Сельское хозяйство СУП “Дукора-Агра” — традыцыйны лідар у жывёлагадоўлі раёна. 22.01.2018 173 Redactor Комментариев нет Год 2017 галіне жывёлагадоўлі раёна прынёс “плюс”. На 280 кілаграмаў у параўнанні з 2016 годам павялічыўся сярэдні надой малака ад каровы. Лідарам па гэтым вытворчым паказчыку традыцыйна з’яўляецца СУП “Дукора-Агра” — 5744 кілаграмы. Мяжу ў пяць тысяч кілаграмаў пераадолелі таксама сельгасфіліялы “Чырвоны май” і “Дрычын”, ААТ “Агра-Абярэг”. Аператары машыннага даення ПСУ «Рудзенскае» Ірына Ніканорава і Алена Блашко. Па вытворчасці малака першае месца займае ААТ “Голацк”. Сельгасарганізацыя “плюсуе” да мінулага года амаль 308 тон малака. Прыкметны скачок па гэтым паказчыку зрабілі таксама жывёлаводы ААТ “Зазерка” — плюс 731 тона і ААТ “Племянны завод “Індустрыя” — плюс 906 тон. Сярэднясутачныя прывагі ў вазе буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме склалі па раёне 539 грамаў (у 2016 годзе — 482 грама). На перадавой пазіцыі ў раёне СУП “Дукора-Агра”. У гаспадарцы сярэднясутачныя прывагі ў вазе складаюць 638 грамаў. Таксама ў ліку лідараў ААТ “Агра-Абярэг” (610 грамаў), сельгасфіліял “Дрычын” (608 грамаў), сельгасфіліял “Чырвоны май” (571 грам), ААТ “Голацк” (569 грамаў). З найбольшым плюсам спрацавалі ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” (151 грам) і ААТ “Племянны завод “Індустрыя” (137 грамаў). Нягледзячы на гэтыя значныя крокі наперад, пакуль у гэтых гаспадарках сярэднясутачныя прывагі ніжэй сярэдняга ўзроўню — 467 і 499 грамаў адпаведна. Таму праца, накіраваная на паляпшэнне вытворчых паказчыкаў, працягваецца. Амаль на 10425 тон (на 112,3 працэнта) па раёне павялічылася вытворчасць буйной рагатай жывёлы. У ААТ “Агра-Абярэг” гэты паказчык склаў амаль 705 тон, у ААТ “Голацк” — 558 тон, у ААТ “Зазерка” — 525 тон. З “мінусам” спрацавалі сельгасфіліял “Светлая ніва” (166 тон, 95 працэнтаў да 2016 года) і ААТ “ПЗ “Індустрыя” (371 тона, 99 працэнтаў да 2016 года). Сярод прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці больш за ўсіх прадукцыі вырошчвання жывёлы атрымалі ў ТАА “Ананічы” — амаль 3122 тоны (101,7 працэнта да 2016 года). На ЗАТ “Свінакомплекс “Пухавічы” гэты ж паказчык склаў 1460 тон (113,4 працэнта), ТАА “Грынпіс-Агра” — 556 тон (112,9 працэнта). Дарэчы, ТАА “Ананічы” — лепшае прадпрыемства ў раёне па атрыманні сярэднясутачных прывагаў у вазе свіней — 710 грамаў (104,6 працэнта да 2016 года). У гэтых станоўчых паказчыках адлюстроўваецца старанная праца спецыялістаў і работнікаў гаспадарак. Фактары поспеху ў жывёлагадоўлі ўсім добра вядомыя. Гэта і якаснае кармленне жывёлы, забеспячэнне належных умоў яе ўтрымання, эфектыўная племянная работа. На іх і робяць стаўку ў гаспадарках, паляпшаючы існуючыя тэхналогіі. Таксама тэрыторыі многіх ферм раёна часова ператварыліся ў будаўнічыя пляцоўкі. У мінулым годзе новыя памяшканні для ўтрымання жывёлы з’явіліся на фермах у ААТ “Зазерка”, “Агра-Абярэг”, “Вецярэвічы”, “Ражджэственскае-агра”, “Голацк”, СУП “Дукора-Агра”, ПСУ “Рудзенскае”, у сельгасфіліяле “Дрычын”. У гэтым годзе да іх далучыцца яшчэ шэраг гаспадарак. Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама падрыхтавала Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.