Культура У Борскім сельскім Доме культуры сустракалі каляду. 26.01.2018 121 Redactor Комментариев нет “Прыйшла каляда — адчыняй вароты!” — так называлася вечарына, якую правялі ў Борскім сельскім Доме культуры яго работнікі сумесна з раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа”. Удзельнікамі вечарыны сталі вяскоўцы і члены валанцёрскага атрада “Сонейка”. Арганізатары для ўдзельнікаў вечарыны падрыхтавалі нямала вясёлых забаў. Завіталі ў клуб каляднікі. А пасля ўсе гулялі ў старадаўнія гульні, назвы якіх зараз нават мала хто памятае: “Заёнцы”, “Чаўнок”, “Ката пячы”. Апошняя асабліва развесяліла ўдзельнікаў свята, бо кот у гульні незвычайны: зрабілі яго з буханкі хлеба, хвост і вушы — з каўбасы, лапкі — з сала. І тым, хто прымаў удзел у гульні, трэба было, праскакаўшы з кута на вілах, адкусіць ад імправізаванай жывёліны кавалак. А кот не даваўся, з дапамогай вядучага круціўся, прывязаны на доўгай вудзе… Можна сабе ўявіць, колькі смеху было! І апладысментаў тым, каму ўдалося адкусіць кавалак хваста з каўбасы альбо лапку з сала. Танцы былі таксама старадаўнія. Усе яны — са скарбонкі работнікаў клуба, якія беражліва збіраюць усё, што адносіцца да культурнай спадчыны. Завяршыў святочную праграму канцэрт, удзельнікамі якога сталі сямейны ансамбль “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры і валанцёры атрада “Сонейка”. Гэта мерапрыемства стала лагічным працягам у шэрагу сумесных мерапрыемстваў раённай арганізацыі ГА “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа” і сямейнага ансамбля “Жывіца”. Іх супрацоўніцтва — даўняе і трывалае. Можна сцвярджаць, што “Жывіца” ажыццяўляе валанцёрскую дзейнасць, падтрымліваючы ідэі адной з буйнейшых грамадскіх арганізацый раёна. Наталля ПАРХОМЧЫК.