У земляробаў увосень — работ восем…

Час жніва ў сельскай гаспадарцы нездарма называюць гарачым перыядам. Аднак актыўная работа на палетках вядзецца не толькі падчас уборачнай кампаніі: восень, як гаворыць народная мудрасць, прыносіць земляробам восем работ.

Сяргей Савіч.

Сяргей Савіч.

Упэўніцца ў гэтым можна, пабываўшы на палях раёна. У гаспадарках працягваецца сяўба азімых збожжавых культур, ворыва,  падрыхтоўка глебы, унясенне мінеральных удабрэнняў. Масава вядзецца таксама ўборка саломы. Земляробы сельгасфіліяла “Светлая ніва” ААТ “Мінскі маторны завод” аднымі з першых набліжаюцца да заканчэння гэтага віду работ.

Гаспадарцы трэба вызваліць ад саломы 1100 гектараў. Ужо ўбрана больш за 910 гектараў. На палях працуюць два прэс-падбор-шчыкі. Гэтай работай заняты Сяргей Савіч і  Леанід Герасіменка.

Сяргей Аляксандравіч — адзін са старажылаў сельгасфіліяла: працуе тут з 1988 года. Шмат гадоў задзейнічаны на ўборцы саломы. У мінулым годзе адзін працаваў на прэс-падборшчыку і ўбраў больш за 1000 гектараў плошчы. За такі высокі вынік атрымаў узнагароду ад райвыканкама як лепшы механізатар на ўборцы саломы.

— У дзень ўбіраю прыкладна  20 гектараў, — расказвае Сяргей Савіч. — Поле, на якім працуем  зараз, — тарфянік, таму працэс ідзе не так хутка. Аднак нам засталося няшмат. Калі будзе добрае надвор’е, то хутка справімся.

Аляксандр Савіч.

Аляксандр Савіч.

—  Нашы механізатары працуюць добра. Аднак  цалкам спра-віцца толькі сваімі сіламі па розных прычынах не можам, таму дапамогу нам аказвае ААТ “Будмантаж”. З гэтым прадпрыемствам супрацоўнічаем шмат гадоў, яно дапамагала нам будаваць  даільна-малочны блок на малочнатаварнай ферме “Вясёлае”.  Леанід Герасіменка — работнік ААТ “Будмантаж”, — расказвае галоўны аграном сельгасфіліяла Дзяніс Рабуха. — Таксама на палях працуе тэхніка гэтага акцыянернага таварыства  і ААТ “Мінскі аграсэрвіс”.

Уборку саломы земляробы раёна збіраюцца завяршыць да 20 верасня. У планах — нарыхтаваць 2000 тон.

Ворыва глебы праводзіў Дзмітрый Шарак, Уладзімір  Сінягоўскі займаўся падрыхтоўкай. Азімы клін у сельгасфіліяле складае 650 гектараў.  Іх засявае Аляксандр Савіч.  Пры спрыяльным надвор’і  штодзень ён засявае каля 40 гектараў. Насенне сейбіту падвозіць Алег Плясецкі.

Днямі ў сельгасфіліяле пачнецца другі ўкос шматгадовых траў, якія растуць на 100 гектарах, і уборка кукурузы (яе пасеялі на 270 гектарах). Уся патрэбная тэхніка ўжо чакае свайго выхаду ў поле.

Кацярына   ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *