У раёне па традыцыі прайшлі Чыгрынаўскія чытанні.

 

DSCN7523 (копия) 2Пухавіччына — край для творчых людзей прыцягальны. У свой час стала нашая зямля другой радзімай для Якуба Коласа, любіў бываць тут Янка Маўр. Звязаў лёс з Пухавіччынай і Івана Чыгрынава. У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя народны пісьменнік Беларусі абраў месцам для свайго адпачынку  лецішча ў Блужы.  А  бываючы ў раёне, часта сустракаўся з яго жыхарамі.  

У снежні ў дзень нараджэння Івана Гаўрылавіча ў  раёне традыцыйна   праходзяць Чыгрынаўскія чытанні. Галоўным ініцыятарам іх правядзення з’яўляецца раённы краязнаўчы музей, у стварэнні якога народны пісьменнік аказаў значную дапамогу. Ужо дваццаць два гады на гэта мерапрыемства прыязджае жонка пісьменніка Людміла Чыгрынава разам з роднымі і сябрамі. У гэтым годзе чытанні прайшлі ў сярэдняй школе №2 горада Мар’іна Горка.  І разам з Людмілай Прохараўнай да  вучняў і настаўнікаў прыехалі яе дачка Алена і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Прысутнічаў на сустрэчы і дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч.

Вучні школы да гэтай сустрэчы рыхтаваліся.  Яны арганізавалі літаратурную вечарыну, пад час якой успомнілі пра жыццёвы шлях Івана Чыгрынава,   прачыталі ўрыўкі з яго рамана “Плач перапёлкі”, апавяданняў “Бульба” і “Коні”, перакладзенага ім на беларускую мову “Слова аб палку Ігараве”.

Людміла Прохараўна ўспомніла, што ўпершыню ў гэтай школе пабывала ў 2001 годзе. А потым было яшчэ некалькі візітаў. І кожны раз адчувала тут шчырую зацікаўленасць, жаданне даведацца нешта новае пра жыццё і творчасць Івана Гаўрылавіча.  Людміла Прохараўна ведае ўсе творы свайго знакамітага супруга, бо таксама працавала над імі: была першым чытачом, рэдактарам, крытыкам. Таму з вялікім задавальненнем слухала, як чыталі  ўрыўкі  з іх Аляксандр Зіневіч, Паліна Аўсянік, Аляксандр Сітнік і іншыя школьнікі.

Алена Іванаўна, дачка пісьменніка, гаварыла пра тое, што проза Івана Чыгрынава  ў асноўным для дарослых. Але  ёсць у яго нямала твораў, якія захапляюць і дзяцей. Яна нагадала апавяданне “За сто кіламетраў на абед”, у якім расказваецца   пра малых з пасляваеннай  вёскі,  якія так згаладаліся, што вырашылі паехаць у дзіцячы дом за сто кіламетраў, каб там удоваль наесціся. Алена Іванаўна прызналася, што ў падлеткавым узросце, толькі  прачытаўшы гэтае апавяданне, яна канчаткова ўсвядоміла, наколькі сур’ёзны пісьменнік яе бацька.

Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч з Іванам Чыгрынавым сустракалася  не раз. Ёй даводзілася іграць  у тэатральных і кінапастаноўках паводле яго твораў. “Ён быў вельмі маўклівы і мудры”,  — так успамінала пра Чыгрынава як пра чалавека Марыя Георгіеўна. А як пісьменнік ён быў праўдзівы і глыбокі.  Яна адзначыла, што сустрэчы з Іванам Гаўрылавічам з’яўляюцца яркімі старонкамі яе творчага жыцця.

Сустрэча атрымалася вельмі шчырай. На памяць аб ёй застануцца не толькі добрыя ўспаміны, але і фотаздымкі,  і аўтографы гасцей.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *