У Яўгеніі Урбановіч справы вясковыя — справы асабістыя.

DSCN7447 (копия)

 

 

З Яўгеніяй  Урбановіч (на здымку) мы сустрэліся ў Зазерскай бібліятэцы, дзе яна працуе. Але гаворка ішла не аб дзейнасці ўстановы культуры. У загадчыцы бібліятэкі ёсць яшчэ  адзін важны занятакяна старэйшына вёскі.

Яўгенія Уладзіміраўна нарадзілася не ў Зазерцы, але жыве ў вёсцы ўжо 29 гадоў, і ўсіх яе жыхароў, і агульныя вясковыя праблемы ведае добра. Ды і прафесія дапамагае быць у курсе ўсіх спраў: наведвальнікаў у бібліятэцы нямала, асабліва людзей старэйшага ўзросту. А пагутарыць яны любяць.

Яўгенія Уладзіміраўна добра памятае, як на свяце вёскі яе прадставілі ў  новай якасці —  як  старэйшыну. Было гэта тры гады таму. І з тых часоў з’явілася нямала клопатаў.

Справы, якімі даводзіцца займацца, самыя разнастайныя. Нагадаць гаспадарам падворкаў, што ля плота на вуліцы трэба падкасіць, арганізаваць людзей на агульныя справы. Здараецца быць арбітрам у спрэчках суседзяў. Гісторыі, калі дзве гаспадыні не могуць падзяліць студню, якую сем’і калісьці разам будавалі, здараюцца нярэдка. Прыйшлося  неяк і Яўгеніі Уладзіміраўне такой справай займацца. Яна кажа, што калі трапляеш у такую сітуацыю, даводзіцца быць дыпламатычным: дзесьці пажартаваць, дзесьці прамаўчаць, пра закон нагадаць. Гэта ж вёска, тут з усімі трэба быць у добрых адносінах. А пытанні з водазабеспячэннем узнікалі не толькі паміж суседзямі: былі ў вёсцы праблемы з  вадой,  якія  прыйшлося вырашаць на розных узроўнях.

А зусім нядаўна з памочнікамі правяралі наяўнасць на дамах таблічак з нумарам і назвай вуліц. Дакладнасць у гэтым патрэбна для правядзення перапісу насельніцтва, які пройдзе ў 2019 годзе. Ды і ў баку ад такой важнай справы, як выбарчая кампанія, Яўгенія Уладзіміраўна ніколі не застаецца: яна шмат гадоў і ва ўчастковай выбарчай камісіі працавала, і сама была дэпутатам сельскага Савета. Так што аб тым, чаму   патрэбна  прымаць удзел у выбарах любога ўзроўню, можа даходліва растлумачыць кожнаму свайму аднавяскоўцу.

Яўгенія Уладзіміраўна прызналася, што любіць  бываць сярод людзей. Нават вольны час праводзіць актыўна — спявае ў мясцовым калектыве «Жытніца». Творчасцю яна займаецца таксама даўно. Паказала мне фотаздымкі хору калгаса «Барацьба», якія захоўваюцца ў бібліятэцы: трыццаць пяць чалавек, крыху менш за палову з іх мужчыны, выдатныя касцюмы… Яўгенія Уладзіміраўна расказала, як хор грымеў на ўвесь раён, як выступалі па ўсёй Мінскай вобласці, як ездзілі з канцэртамі    нават   у    Калі-нінград. З успамінаў аб хоры пачалася  наш размова аб тым, як змянілася вёска за апошнія дзесяцігоддзі.

Зазерка адрозніваецца ад многіх іншых буйных вёсак раёна. У ёй практычна няма пустуючых дамоў. Людзі,  якія  ў  маладосці  з’ехалі на працу ў Мінск,   з выхадам на пенсію вяртаюцца на  бацькоўскія сядзібы: Зазерка і да Мінска блізка, і чыгунка побач. Па назіраннях Яўгеніі  Уладзіміраўны, у адрозненне ад ранейшых часоў, цяперашнія жыхары вялікую  ўвагу надаюць упрыгожванню сваіх  сядзіб: летам практычна ва ўсіх падворках вельмі шмат кветак. Яна расказала аб сваёй добрай знаёмай Любові Казаковай, у якой кветкі не толькі на клумбах, у вазах і кашпо, але і на кожнай  градцы з капустай.

А яшчэ ў вёсцы будуецца шмат новых дамоў, цэлыя вуліцы з’явіліся. І гаспадары новабудоўляў практычна ўсе ўмельцы, шмат чаго робяць сваімі рукамі. Калі ў вёсцы з’яўляюцца такія  людзі, гэта радуе.

А вось засмучае тое, што вяскоўцы, як і гараджане, усё больш засяроджваюцца толькі на сабе. Цяпер убачыць   цётачак,   якія   сядзяць на лавачцы, практычна немагчыма. Ды і самі лавачкі з вуліц зніклі, як перажытак мінулага. У паўсядзённасці людзі зачыняюцца. Але  калі  трэба, адзін аднаму на дапамогу прыходзяць. І шчасце, што гэтая вясковая традыцыя захоўваецца.

З Пярэжырскім сельскім выканкамам у старэйшыны вёскі Зазерка поўнае паразуменне.

— Не магу адмовіць нашаму сельсавету, — прызнаецца Яўгенія Уладзіміраўна. — Зразумела, што ўсё, аб чым яны просяць, рабіць трэба. І старэйшыны вёсцы патрэбны. Павінен жа быць чалавек, праз якога людзі свае просьбы ўладам могуць перадаць, і агульныя справы вырашаць.

А ў Пярэжырскім сельвыканкаме вельмі рады, што ёсць у іх такая памочніца, для якой справы вясковыя — як асабістыя.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *