Фестываль пад Дукорскай брамай

На фестываль “Дукорская брама”, які адбыўся ў мінулую суботу на пляцоўках турыстычнага комплексу “Дукорскі маёнтак”, як і спадзяваліся арганізатары, прыехала шмат людзей. На даволі прасторнай паркоўцы нават не хапіла месца для ўсіх машын, і астатнія прытуліліся паабапал дарогі. Па іх нумарах было бачна, што госці прыехалі не толькі з Мінскай вобласці і сталіцы, але і з іншых рэгіёнаў краіны.

Многія прыехалі сем’ямі. Большасць сабраўшайся  аўдыторыі склалі дзеці  і  маладыя людзі.  Нямала  было і гасцей  сталага ўзросту.  Аднак фестываль задаволіў усіх.

1 (копия)На галоўнай плошчы разгарнулася тэатралізаванае дзеянне “Прыгоды пад брамай”. “Шляхецкі тэатр”, артыстамі якога з’яўляюцца работнікі сядзібна-паркавага комплексу, прымусіў гледачоў неадрыўна сачыць за тэатралізаваным адлюстраваннем моманту жыцця нашых продкаў, далучыцца да іх светапогляду, шляхецкай культуры. Вопратка таго часу, рэчы побыту, зброя, коні, мова, музыка, танцы… — усё вабіла адчуваннем натуральнасці і незабытай даўніны.

Дакрануцца да таго часу, да вытокаў беларускай інтэлегентнасці, нацыянальных рамёстваў прапанавала гасцям уся праграма фестывалю. Працавала  ганчарня, дзе госці маглі не толькі набыць сувеніры з гліны,  назіраць за работай майстра, але і  паспрабаваць самім зрабіць гарлачык на ганчарным коле.Таксама і ў кузні майстар не толькі рабіў для жадаючых падкоўкі-сувеніры, але і дазваляў гасцям самім папрацаваць з металам.

Вялікі асартымент сувеніраў выставілі майстэрні лялек і вышыўкі, васковых свечак.Забаў і гульняў было прапанавана гасцям вялікае мноства. Шмат жадаючых знайшлося пастраляць з лука, арбалета, паспаборнічаць у кіданні падкоў, пакатацца на коннай брычцы ці вярхом, на лодцы ці катамаране, прайсці над зямлёй па складаным шляху вяровачнага гарадка. Аквазорбінг, лазертаг, бампербол, “Вёска вікінгаў”, атракцыён “Маятнік” — і на гэтых забаўляльных пляцоўках было шматлюдна.

6Звонкім   смехам   гледачоў     суправаджалася    сямейна-камандная  эстафета  “Рыцарскі  шлях”,  этапы якой удзельнікі пераадольвалі ў конскіх путах, з вёдрамі на каромыслах, лавілі адзін аднаго з завязанымі вачыма і  званочкамі на нагах.Цяжка бацькам было  адарваць малых ад надзіманай горкі, арэляў, батута, століка, дзе можна было памаляваць каляровым пяском, і нават ад звычайных пясочніц.Не спыняўся паток жадаючых наведаць перавернуты дом. Асаблівым попытам карысталася пляцоўка ля карчмы, дзе гасцям было прапанавана прадэгуставаць старадаўнія стравы. Многім спадабаўся так званы бігус з аб’яднаным смакам свежай і квашанай капусты і некалькіх відаў мяса. Па рэцэптах шляхецкай кухні  быў зроблены хатні сальцісон з зяленівам.

5Слухачы шчыльна акружылі паляну пад раскідзістым  дубам,  дзе  выступіў  з  канцэртам  гурт сярэднявечнай  беларускай  музыкі  “Стары  Ольса”. Спектакль “Шляхта ў карчме” і шабельныя забавы зноў вярнулі гледачоў на галоўную плошчу. Артысты “Шляхецкага тэатра” паказалі цікавы старадаўні абрад прымірэння паміж шляхцічамі, якія пасварыліся, — “чарка на лязе”.  І  некаторыя  гледачы далучыліся да гэтага абраду.

Гурт  “Літы  Талер”  выступіў  з  цікавай інтэрпрэтацыяй музычнай спадчыны  сярэднявечнай  Еўропы.А потым старадаўнія мелодыі змяніліся на сучасныя — пачалася пенная дыскатэка. У  густой пене, якую спецыяльны агрэгат  падаваў на плошчу, танцавалі і смяяліся як дзеці, так і дарослыя.Фестываль завяршыўся шоу-балетам на возеры, вогненнай феерыяй, факельным шэсцем і запальваннем вогнішча на вадзе. Плот з вогнішчам кружыў па возеры, полымя пачало змяншацца, але госці не спяшаліся на выхад: утрымлівалі атрыманыя ўражанні і месца, дзе так яскрава адчувалася мінулае роднага краю.

Фота Андрэя МАЗАНІКА і Святланы  МАРОЗ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *