15 сакавіка — Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — Асноўны Закон краіны, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і замацоўвае асноўныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін.

Канстытуцыя вызначае дзяржаўны лад, устанаўлівае прынцыпы выбарчай сістэмы, рэгулюе ўтварэнне органаў улады, замацоўвае правы і абавязкі грамадзян. Вышэйшай каштоўнасцю Канстытуцыя аб’яўляе чалавека, яго жыццё. Канстытуцыя Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года. Яна ўпершыню ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, устанавіла прынцыпы дэмакратычнага ладу, прыярытэт правоў і свабод чалавека, вяршэнства міжнароднага права.

Канстытуцыя 1994 года дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года, 17 кастрычніка 2004 года і 27 лютага 2022 года.

На апошнім рэферэндуме на грамадскае абмеркаванне быў вынесены абноўлены варыянт Асноўнага Закона краіны, дзе было прапанавана змяніць 83 артыкулы, дапоўніць тэкст адной главой аб Усебеларускім народным сходзе і 11 новымі артыкуламі. Змяненні перш за ўсё закранулі пытанні дзяржаўнага ладу нашай краіны. Так, былі сфармуляваны нормы, якія вызначаюць статус, парадак фарміравання і паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, які стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка 2022 года на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці падпісаў Рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю краіны. «Мы стварылі і прынялі ўнікальны прававы дакумент. У ім спалучаюцца традыцыі і інавацыі, народаўладдзе, адзінства кіравання. Без ілжывай  сціпласці яго можна  назваць  Канстытуцыяй будучыні», — заявіў беларускі лідар.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увасабляе ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азначае новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці. Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.

Па матэрыялах БелТА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *