Тры новыя камбайны папоўнілі сельскагаспадарчыя арганізацыі нашага раёна

Адразу тры новыя камбайны беларускай вытворчасці  ААТ “Гомсельмаш” прыйшлі ў сельскагаспадарчыя арганізацыі нашага раёна напярэдадні ўборкі ўраджаю: два — у СУП «Дукора-Агра»  і адзін —у ЭБ «Зазер’е».

У эксперыментальнай базе «Зазер’е» ў мінулым сезоне ўбіралі хлеб з палёў пяць камбайнаў. Адзін з іх спісалі, і  яму на змену атрымалі новы. У СУП «Дукора-Агра» таксама працавалі ў полі пяць камбайнаў, і нагрузка на кожны была істотная.  Сёлета ж з набыццём новай тэхнікі ўбраць і абмалаціць такія аб’ёмы, як  3650 гектараў збожжавых і зернебабовых культур разам з рапсам,  будзе значна лягчэй.

Новую тэхніку  ў СУП «Дукора-Агра» даверылі вопытным камбайнерам Сяргею Піталенку і Дзмітрыю Хвастову. Першае выпрабаванне на полі яна будзе праходзіць хутка: ужо наліваецца колас азімага ячменю. У гаспадарцы яго  вырошчваюць на плошчы 500 гектараў.

Сяргей Піталенка і Дзмітрый Хвастоў.

 ДАВЕДКА:

Збожжаўборачны камбайн GS12A1 адрозніваецца высокай прадукцыйнасцю і ўніверсальнасцю. Спраўляецца з уборкай засмечаных, высокасаломістых і вільготных хлябоў. Усе гэтыя бясспрэчныя перавагі робяць яго самым запатрабаваным у сваім класе. Для аператара  камбайна ААТ “Гомсельмаш” распрацавала камфартабельную кабіну новага пакалення LUX CAB, у якой асаблівая ўвага нададзена эрганоміцы працоўнага месца і інтэр’еру.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *