На купальскае свята сабраліся ў мінулую суботу жыхары Мар’інай Горкі

Купалле, мабыць, самае багатае на традыцыі і легенды народнае свята. Нашы продкі верылі, што ў гэтыя дні розныя травы максімальна набіраюць сваю магічную сілу, і збіралі іх, каб выкарыстоўваць як лекі, варажыць. Адсюль і традыцыя плесці купальскія вянкі. А самае вядомае купальскае паданне звязана з пошукам папараць-кветкі і запальваннем купальскага вогнішча.

На купальскае свята сабраліся ў мінулую суботу жыхары Мар’інай Горкі. Праводзілася яно ў парку імя Любы Гайдучонак. Святочную праграму для тых, хто зберагае ў душы веру ў цуды, падрыхтаваў раённы цэнтр культуры.

Вясёлымі песнямі прыцягнуў да эстраднай пляцоўцы шматлікіх наведвальнікаў парка народны сямейны ансамбль “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры. Удзельнікі гэтага знакамітага ў раёне калектыву падрыхтавалі вялікую музычную праграму, а таксама правялі для гледачоў майстар-клас па народных танцах.

Магчымасці пашукаць сімвалічную папараць-кветку, схаваную арганізатарамі свята на густа заросшай дрэвамі і кустамі тэрыторыі ля ракі Цітаўка, прадастаўлялася тым, хто прымаў удзел у купальскіх абрадах па пляценню вянкоў, кіданню вянкоў на бярозу, гульні з палкамі, пераводу рускіх слоў на беларускія, адказванню на пытанні траўніка… Самых актыўных удзельнікаў свята арганізатары шчодра частавалі чыпсамі вытворчасці ААТ “Машхарчпрад”.

Знайсці чароўную кветку пашанцала двум сяброўкам Елізавеце і Ульяне, вочы якіх свяціліся шчасцем, калі яны паказалі сваю знаходку вядучым свята Купалінке і Купалішу. А тыя пад апладысменты гледачоў уручылі дзяўчынкам прызы ад экапарка “Акварэль”.

А потым надышоў час кульмінацыйнага абраду — купальскага вогнішча. Агонь высока ўзняўся ў неба. Загучалі пажаданні шчасця і радасці ў жыцці.

Андрэй ГЕОРГІЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *