Сельгасарганізацыі прыступілі да сяўбы кукурузы

Для земляробаў раёна працягваецца адказны перыяд вясенніх палявых работ. Завяршыўшы сяўбу ранніх яравых збожжавых культур, сельгасарганізацыі прыступілі да сяўбы кукурузы. У сельгасфіліяле «Светлая ніва» ААТ «Мінскі маторны завод» сеяць «царыцу палёў» пачалі тыдзень таму. Механізатары імкнуцца ўкласціся ў вызначаныя тэрміны: цалкам пасеяць гэтую культуру яны плануюць да сярэдзіны мая.

IMG_1282— Спадзяёмся, што надвор’е не ўнясе карэктывы ў нашы планы, — гаворыць галоўны аграном Дзяніс Рабуха. — Пад кукурузу мы адвялі 400 гектараў плошчы. Гэта культура вядома сваімі пажыўнымі рэчывамі, пераацаніць яе ролю ў кормавытворчасці цяжка. Таму на 300 гектарах мы будзем вырошчваць кукурузу на сілас, на астатніх 100 гектарах — на зерне. Перад пасяўной кампаніяй закупілі амаль 3,5 тоны насення кукурузы. У хуткім часе набудзем яшчэ некалькі тон.

Пасеяць кукурузу ў тэрмін — такая задача стаіць перад механізатарам Мікалаем Рагожнікам. Мікалай Васільевіч працуе ў сельгасфіліяле амаль 25 гадоў. Апошнія 10 гадоў ён сее і ўбірае кукурузу.

— Работы наперадзе яшчэ нямала. Галоўнае, каб тэхніка і надвор’е не падводзілі, — адзначае механізатар. —  Робім усё, каб кукуруза дала добрыя ўсходы і ўрадзіла.

Падрыхтоўкай глебы перад пасевам кукурузы займаўся механізатар Аляксандр Савіч. Цяпер ён заняты на культывацыі глебы на полі, дзе хутка будуць падсяваць шматгадовыя травы. Вадзіцель Аляксандр Ананіч — таксама ў зладжанай камандзе, якая задзейнічана на сяўбе «царыцы палёў». Ён падвозіць зерне Мікалаю Рагожніку, выконвае за дзень некалькі рэйсаў па маршруце зернесклад-поле.

— Пакласці насенне ў глебу  — гэта толькі першы этап на шляху атрымання добрага ўраджаю. Пасля будзем праводзіць хімпраполку, яшчэ крыху пазней — падкормку культуры, — працягвае галоўны аграном Дзяніс Ігаравіч. —  Спа-дзяёмся, кукуруза ў гэтым годзе нас парадуе. Заканамерны факт: калі яна ўродзіць, значыць, мы забяспечым кармамі жывёлу, а будзе малако — будуць у гаспадарцы грошы.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *