Главное Дырэктар ДП «УКБ-Пухавічы» Уладзімір Курловіч аб планах па будаўніцтве на 2021 год: «Вуліца Выратавальнікаў будзе актыўна развівацца» 18.03.2021 436 Redactor Комментариев нет — Нягледзячы на тое, што мінулы год для ўсёй эканомікі краіны аказаўся складаным з-за сітуацыі з пандэміяй каранавіруса, будаўніцтва аб’ектаў не спынялася. І планы па ўводзе жылля раён выканаў. У пасёлку Дружны мы здалі 80-кватэрны жылы дом, дзе 22 кватэры будаваліся з дзяржаўнай падтрымкай, а астатнія — з далявым удзелам грамадзян. Здалі таксама дом у Мар’інай Горцы (мікрараён Новая Зара) на 40 кватэр і дом на вуліцы Малінавая, у якім будаваліся шматдзетныя сем’і. Але 5 кватэр у новабудоўлі былі вылучаны пад арэнднае жыллё. У тым ліку, для медыцынскіх работнікаў, пытанне замацавання якіх у раёне мае першачарговае значэнне. Выконвалі будаўніцтва Пухавіцкая МПМК-14 і ААТ «Будаўнічы трэст №35» (Мінск). Вялося ў мінулым годзе ў раёне і індывідуальнае будаўніцтва. Па традыцыі актыўней за ўсё будаваліся гараджане і жыхары прысталічных населеных пунктаў. У бягучым годзе новабудоўлі ў нашым раёне таксама будуць. Плануем здаць у эксплуатацыю тры жылыя дамы. 39 шматдзетных сем’яў заселяцца ў 40-кватэрны дом у вёсцы Блонь, дзе адна кватэра выдзелена для адсялення з састарэлага і аварыйнага жылля. 60-кватэрны дом будзе ўзведзены на вуліцы Выратавальнікаў у Мар’інай Горцы. Жыллё, што пабудуюць будаўнікі ААТ «Будаўнічы трэст №35» (Мінск), прызначана для вайскоўцаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Дарэчы, праект прадугледжвае будаўніцтва лакальнай кацельні, што будзе працаваць на электрычнасці. Такі дом стане першым у раёне. Побач з новабудоўляй на вуліцы Малінавая зараз завяршаецца будаўніцтва жылога дома на 60 кватэр для шматдзетных сем’яў. Як і ў папярэднім доме, у гэтым прадугледжана праектам пакватэрнае ацяпленне. Усяго ў 2021 годзе ў раёне плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 9 тысяч квадратных метраў жылля ў шматкватэрных дамах. Акрамя гэтага, наваселле да 1 верасня павінны адзначыць будучыя выхаванцы новага дзіцячага садка ў пасёлку Дружны. Садок разлічаны на 230 месцаў. Будаўніцтва вядзе УП БУ-20 «Мінскпрамбуд». Працы на аб’екце не спыняюцца і ў выхадныя дні. Будынак ужо пабудаваны. Але наперадзе яшчэ немалы фронт работ. У гэтым годзе пачынаецца праца па праектаванні будучага пажарнага дэпо. Новы сучасны аб’ект з’явіцца на вуліцы Выратавальнікаў у Мар’інай Горцы. Цяпер афармляюцца дакументы на адвод зямлі. Тут, на Выратавальнікаў, будзе ў далейшым весціся будаўніцтва новых жылых шматкватэрных дамоў для гараджан. Менавіта гэтая вуліца стане галоўнай будаўнічай пляцоўкай. Алена ШАНТЫКА.