Пастаноўку музычнага спектакля паводле “Паўлінкі”  ажыццявілі ў раённым цэнтры культуры

Фото: sb.by

У 1912 годзе Янка Купала напісаў камедыйную  п’есу пра тое, як дзяўчына  з сям’і  засценкавага  шляхціца адстойвае сваё  права на каханне  і не баіцца ісці супраць волі бацькоў, уяўленні якіх аб шчасці любімай дачкі розняцца  з яе асабістымі ўяўленнямі.  Адным словам, сюжэт пра вечнае супрацьстаянне бацькоў і дзяцей,  бо і сто дзесяць гадоў таму назад, калі была напісана “Паўлінка” (а менавіта пра гэты твор класіка беларускай літаратуры ідзе размова), і зараз сутнасць канфлікту не мяняееца: бацькам здаецца, што яны ведаюць, як лепей  для іх дзяцей, а дзеці імкнуцца адстаяць права строіць сваё жыццё так, як яны самі разумеюць.

Купала не першы ў драматургіі закрануў тэму канфлікта пакаленняў. А прыцягнула ўвагу да сябе яго п’еса “Паўлінка”, як мне падаецца, не толькі  сваёй літаратурнай віртуознасцю, а яшчэ і тым, што ў супрацьстаянні   старэйшага і малодшага пакаленняў, праўда аказалася на баку менавіта моладзі, якой удалося пацвердзіць старую ісціну, што не ўсё тое золата, што блішчыць.

Купалаўская “Паўлінка” стала класікай. І  цікаўнасць да п’есы не знікае. Яна прываблівае  рэжысёраў, якія   час ад часу спрабуюць пераказаць знаёмы сюжэт на новы лад. Вось і кіраўнік раённага цэнтра культуры  Аксана Жаромская прапанавала артыстам  РЦК паставіць сваю “Паўлінку”, ператварыўшы драматычны твор  у музычны,  і надаўшы сюжэту элементы сучаснасці.

Гледачы ўжо змаглі ацаніць, што з усяго гэтага атрымалася: нядаўна прайшоў прэм’ерны паказ.  Спектакль — гэта шмат музыкі, танцаў, частку з якіх можна назваць правакацыйнымі. Гэта яскравыя  вобразы, створаныя нашымі артыстамі. Раскрываць асаблівасці спектакля не буду, бо ўжо 1 красавіка ў жыхароў і гасцей Мар’інай Горкі будзе магчымасць убачыць  “Паўлінку” ў мясцовым варыянце яшчэ раз.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

 

 

Цікавае пра «Паўлінку»

* Цяжка ў гэта паверыць, але на пачатку мінулага стагоддзя ўвогуле не існавала прафесійнай беларускай драматургіі.У беларускіх тэатрах ставіліся ўкраінскія і расійскія п’есы. Першым, хто напісаў сапраўдную беларускую п’есу, быў Янка Купала. І гэта — «Паўлінка».

* Янка Купала галоўную гераіню п’есы спісаў амаль з натуры. Ядзя Аблачынская, якая стала прататыпам Паўлінкі, нарадзілася недалёка ад мястэчка Акопы, дзе нейкі час жыў і Купала. Усе падзеі, апісаныя ў «карцінках з жыцця дробнай шляхты», адбываліся на вачах у песняра, і, мусіць, таму выява галоўнай гераіні атрымалася яркай і праў-дзівай.

* Першая актрыса, якая іграла Паўлінку, — Паўліна Мядзёлка. Хутчэй за ўсё, менавіта ў гонар яе Купала і назваў п’есу «Паўлінкай». Вядома, што да самой Паўліны Вікенцьеўны паэт быў неабыякавы:ён яе любіў, прысвячаў вершы і сам рэкамендаваў яе на галоўную ролю ў спектаклі, першая прафесійная пастаноўка якога адбылася 9 лютага 1913 года ў Пецярбургу.

Жыццё першай Паўлінкі склалася трагічна: муж,  Томаш Грыб, быў вымушаны бегчы за мяжу. Яе саму не мінуў лёс многіх беларускіх інтэлігентаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій 30-х гадоў. Ёсць меркаванне, што ў жыцці і лёсе самога Янкі Купалы яна адыграла не лепшую ролю, але хто ведае, як бы кожны з нас павёў сябе на допыце ў НКУС, апынуўшыся ў тыя страшныя часы на яе месцы?

* Маладая актрыса Юлія Шпілеўская: «Я ў ёй (п’есе) да гэтага часу адкрываю нешта для сябе новае і невядомае. Ну што, напрыклад, значыць слова «далiпантачкi»? Пыталася і ў Зоі Белахвосцік, і ў іншых акторак:  ніхто не ведае! А фраза «Далiпантачкi, сама з сабой да ладу прыйсцi не магу» гучыць прыгожа…

* Традыцыйна «Паўлінкай» 3 верасня адкрывае новы сезон Купалаўскі тэатр. Гэта пастаноўка ідзе на нацыянальнай сцэне ўжо амаль 70 год. Зараз спектакль ідзе ў знакамітай пастаноўцы Льва Ліцвінава 1944 года. Прэм’ера адбылася, калі тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў Томску.

* Соль другой актавы — самая высокая нота, якую павінна браць Паўлінка ў п’есе.

* Арнольд Памазан граў Адольфа Быкоўскага каля 30 гадоў. За гэты час у спектаклі змяніліся пяць Паўлінак.

Па матэрыялах «СБ».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *