Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся

Аператарам машыннага даення на малочна-таварнай ферме “Вясёлае” СГФ “Светлая ніва” Алена Гарбуз працуе больш за 16 гадоў.

Прафесію яна выбрала невыпадкова. Яе маці ўсё жыццё працавала аператарам на МТФ “Станкі” і дачушку з маленства прывучала да гэтай працы: то цялятак сырадоем з соскі напаіць, то свежай саломкі ім падаслаць, то дапамагчы памыць даільныя апараты пасля работы. Так паступова  і прывыкла да гэтай работы. Таму, калі закончыла школу, пытанняў пра далейшы занятак ужо не было. Ведала, што застанецца ў роднай вёсцы.

Быў час,  калі  Алена  працавала   брыгадзірам на МТФ “Вясёлае” і даглядчыкам жывёлы. А зараз яна — аператар машыннага даення. І пра работу расказвае ахвотна. Нораў усіх сваіх кароў (а ў групе іх 378), яна, напрыклад, добра ведае і хвалюецца не толькі за надоі, але і за здароўе сваіх рагуль. Асабліва калі пачынаецца пара расцёлаў. Тады на ферме Алена Мікалаеўна затрымліваецца дапазна. Хвалюецца, каб расцёлы прайшлі без усякіх ускладанняў.

Раннія пад’ёмы (на ферме двухразовая дойка) ніколькі не засмучаюць Алену. Яна — чалавек вясковы і прывыкла да такога рытму жыцця. Да таго ж,  і дамашнюю гаспадарку трэба даглядзець, і сядзібу. Як без гэтага жыць у вёсцы? У Алены  ў  памочніках ужо зараз сын Уладзік. Ён, як і сама яна, ніколі не цураецца працы і стараецца дапамагаць матулі. І старэйшыя дзве дачкі,  калі  прыязджаюць  з  горада  дамоў, не сядзяць склаўшы рукі.

Праца на ферме хоць і нялёгкая, але яна падабаецца Алене Гарбуз. У гаспадарцы ведаюць, што яна — чалавек, які ўмее і любіць працаваць. Нездарма ж у яе самыя высокія надоі малака ад каровы ў гаспадарцы. Напрыклад, на май было даведзена заданне надаіць 604 кілаграмы малака ад каровы, а яна надаіла 732 кілаграмы.

— На нашай ферме “Вясёлае” створаны добрыя ўмовы для работы і для быту, — кажа Алена Мікалаеўна. — Ёсць пакой адпачынку, душавыя. Калі старацца добра працаваць, то і заработная плата нядрэнная. Мой муж Максім таксама працуе ў нашым філіяле механізатарам. Так што мы душой прыраслі да сваёй зямлі і справы, якой займаемся.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *