Рэха свята. Па маршрутах народнага гуляння

Пасля завяршэння афіцыйных ўрачыстасцяў, прысвечаных Дню Незалежнасці ў Мар’інай Горцы,  людское мора з вуліцы Ленінскай  пацякло па вуліцы Савецкай,  дзе размясцілі свае выставы і падвор’і прадпрыемствы і арганізацыі раёна, а затым накіравалася ў гарадскі парк імя Любы Гайдучонак, куды арганізатары свята запрасілі ўсіх на народнае гулянне.

Ішлі сем’ямі. Парк хутка напоўніўся звонкімі дзіцячымі галасамі. Тут для дзяцей быў вялікі выбар, чым заняцца: для самых маленькіх — арэлі, горкі. У “акружэнні” апынулася пляцоўка, арганізаваная супрацоўнікамі раённага ад-дзела па надзвычайных сітуацыях: хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем узбіраліся ў кабіны пажарных машын, прымяралі амуніцыю. Не скарачалася чарга каля палаткі, запоўненай дымам. Кожнаму хацелася адчуць сябе сапраўдным выратавальнікам: са спецыяльным дыхальным апаратам увайсці ў палатку, знайсці ў непраглядным дыме і выцягнуць на паветра “пацярпелага”, якім лічылася схаваная лялька.

Не толькі дзеці, але і дарослыя спрабавалі справіцца з брандзпойтам  і  збіць струмянём вады пакладзены на стойку мячык.

Патрымаць у руках сапраўдную ваенную зброю на выставе, якую арганізавалі вай-скоўцы, трапіць дроцікам у мішэнь, пакатацца на поні, размалявацца аквагрымам… — кожны мог знайсці для сябе штосьці цікавае.

Асаблівым попытам у гэты спякотны дзень карысталіся  ахаладжальныя напоі, марожанае. Актыўным быў і гандаль кулінарнымі вырабамі, шашлыкамі, салодкай ватай і яшчэ шмат чым смачным.

Не заставаліся без чэргаў і рады, дзе прапанавалі сувеніры, розныя рэчы, зробленыя майстрамі-рамеснікамі, цацкі, упрыгожанні…

А калі пачалася канцэртная праграма “Мой дом — Беларусь”,  ля сцэны  размясцілася шмат людзей, каб паслухаць выступленні творчых калектываў раёна і таленавітых салістаў.

Паток адпачываючых доўга не змяншаўся.  Жыхары горада не спяшаліся пакідаць парк.

Завяршылася свята на плошчы ля раённага цэнтра  культуры акцыяй “Спяваем гімн разам” і святочным салютам.

Андрэй  МАЗАНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *