У ПСУ «Рудзенскае» атрымліваюць трыцікале па 50 цэнтнераў з гектара

Уборка ўраджаю-2022 усё больш упэўнена набліжаецца да свайго фінішу. На раніцу пятніцы ў раёне было ўбрана 87 працэнтаў плошчаў. Завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых культур СГФ «Чырвоны май», КСУП «Вецярэвічы».

У раёне 38 экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон божжа, і тры вадзіцеля перавезлі ад камбайна больш за дзве тысячы тон збожжа.

У ПСУ «Рудзенскае» патрэбна было ўбраць  1205 гектараў збожжавых і зернебабовых,  800 гектараў з іх ужо ўбралі.  У полі працуюць чатыры свае экіпажы, а таксама экіпаж з суседняй гаспадаркі — СПФ «Дрычын». Да таго, як ён прыйшоў на дапамогу, нагрузка на камбайн была вялікая — 300  гектараў. Свае камбайнеры ўбіралі за дзень да 80 гектараў,  зараз жа работа пайшла хутчэй.

— Ураджайнасць у гаспадарцы сёлета вышэй за леташнюю. Мы атрымліваем 45 цэнтнераў збожжа на круг, — адзначае галоўны аграном ПСУ «Рудзенскае» Ягор Вашкевіч.  — Трыцікале  дае па 50 цэнтнераў збожжа з гектара, ураджайная і азімая пшаніца — 46 цэнтнераў з гектара. Самымі шчодрымі аказаліся азімыя культуры, зіма для якіх была сёлета вельмі спрыяльнай.

Два экіпажы — Аляксандр Юдзін разам з Ігарам Жаркевічам і Анатоль Піскун  з бацькам Мікалаем — ужо пераадолелі тысячную мяжу. У гаспадарцы распрацаваны ўмовы спаборніцтва: тыя, хто на працягу дзесяці дзён намалоцяць збожжа больш, — атрымаюць прэмію.

Аляксандр Юдзін

У гаспадарцы ўсе камбайны айчыннай вытворчасці. У мінулым годзе атрымалі новы. Яго даверылі вопытнаму камбайнеру Аляксандру Юдзіну. І ён давер апраўдаў, працуе вельмі сумленна.

— Я  ўбіраю хлеб ужо 11-ы сезон, — расказвае Аляксандр. — Круглы год працую на энерганасычанай тэхніцы: на нарыхтоўцы кармоў, на ворыве глебы.  А больш за ўсё люблю ўбіраць пшаніцу: збожжа  лёгкае,  бункер — амаль 8 тон — хутка напаўняецца. А вось нізкарослыя культуры,  ячмень і авёс, рана адлягаюць і цяжка рэжуцца, што запавольвае ўборку.

— У гэтым годзе ўскладняе жніво на нашых палях палегліца, — кажа аграном Ягор Вашкевіч. — Таму выкарыстоўваем сцеблапад’ёмнікі, а таксама ходзім загонкамі, каб не страціць збожжа. Дарэчы, магутная тэхніка на жніве практычна не падводзіць. Калі здараюцца нязначныя паломкі,  іх хутка рамантуюць. Запасныя часткі на нашы камбайны ёсць у наяўнасці.

Анатоль Піскун жыве і працуе ў Мінску. Асноўнае месца яго работы — машыніст бульдозера на УП «Мінскметрабуд». На час жніва вось ужо шосты сезон ён адкамандзіраваны ў Рудзенск.

Анатоль Піскун

— Даводзіцца ўставаць у пяць раніцы, каб паспець дабрацца на працу, а ад’язджаю дадому пасля дзесяці вечара, — кажа камбайнер. — Дома чакаюць жонка і двое дзяцей. Меншаму  толькі месяц. Вось такое выпрабаванне на трываласць.

Услед за камбайнамі ў гаспадарцы прасуюць салому. Для жывёлагадоўлі яе неабходна нарыхтаваць 1600 тон. Адначасова вядзецца сяўба азімага рапсу, рыхтуецца глеба пад азімыя збожжавыя. Іх трэба пасеяць на плошчы 900 гектараў.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *