В трудовых коллективах Важное Взгляд Першамай — гэта… 01.05.2023 225 Redactor Комментариев нет 1 мая ў Беларусі адзначаецца Свята працы, якое з’яўляецца агульнарэспубліканскім святочным днём, устаноўленым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года. Вольга Буза, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Мар’інагорскай ЦРБ: — У Беларусі больш за паўсотні прафесійных святаў. Адно з тых, што нас усіх аб’ядноўвае, на маю думку, — 1 Мая. Гэта цудоўнае вясенняе свята, калі мы гаворым пра дасягненні нашага народа, ушаноўваем людзей працы. Гісторыя Першамая ідзе з ХІХ стагоддзя і працягваецца ў нашы дні. 1 Мая святкавалі і святкуюць не ў адной краіне. Сёння Першамай не носіць такі выразны палітычны характар, але некаторыя традыцыі захоўваюцца, і мы святкуем гэты дзень. Хочацца пажадаць усім пухавіччанам здароўя і міру, поспехаў у справах і пачынаннях. Алена Брывач, старшыня прафсаюзнай арганізацыі УП “Жылцепласэрвіс” КГ: — Для мяне Першамай — гэта дзень, любімы з дзяцінства. Кожны чалавек, які вырас у Савецкім Саюзе, помніць урачыстыя шэсці працаўнікоў, моладзі, ветэранаў, добры святочны настрой. Сапраўды адчувалася, што гэта свята вясны і працы. Думаю, нядрэнна, калі нашы дзеці і ўнукі працягнуць першамайскія традыцыі, бо праца — гэта тое, без чаго не будзе заўтрашняга дня. Яна — гарантыя нашай стабільнасці і шчаслівай будучыні. Людміла Галубенка, бібліятэкар вайсковай часці 89417: — Сёння Першамай — цудоўнае вясенняе свята. Атмасфера яго пабуджае людзей верыць у лепшае, жыць і радавацца. Тое, што 1 Мая — чырвоны дзень у календары, дае магчымасць нам правесці час з роднымі, папрацаваць на прысядзібным участку або, наадварот, адпачыць, каб з добрым настроем узяцца назаўтра за працу. Юлія Шпакоўская, галоўны бухгалтар упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама: — У нашай сям’і 1 мая ёсць традыцыя выязджаць на прыроду. У зліцці з прыродай атрымліваеш менавіта той зарад энергіі, жыццёвых сіл, якіх хопіць надоўга. Першамай — сімвал вясны, росквіту прыроды і доўгачаканага сонечнага святла, цяпла. У дзень, які сімвалізуе салідарнасць і сяброўства ўсіх працоўных, хочацца пажадаць здароўя, энтузіязму, больш яркіх ідэй і творчых поспехаў. Няхай гэтыя дні пройдуць у бадзёрым, вясёлым настроі.