“Дзякуй” не заслужылі ў чарговы раз. Пешаходны пераход на вуліцы Ленінская не ўсім спадабаўся

Чытаючы сварку ў тэлеграм-канале “Пухавічы як ёсць”, я ў чарговы раз злавіла сябе на думцы аб тым, што нездарма людзі кажуць: не рабі дабра — не атрымаеш зла.

Фота канала «Пухавічы. Як ёсць»

У Мар’інай Горцы камунальнікі зрабілі дадатковы (ключавое слова!) пешаходны пераход на вуліцы Ленінская, аформіўшы такім чынам гадамі пратаптаны па газонах маршрут, — атрымалі “падзяку” ад некаторых грамадзян. Дарма, выхо-дзіць, намагаліся, калі абсталявалі ўхіл толькі з аднаго боку вуліцы, а з другога зрабілі чатыры прыступкі. Яны для калясак (мяркуючы па перапісцы ў чаце, — для дзіцячых) нязручныя.

Мабыць, так и ёсць. Нязручныя. Але не трэба забывацца, што гэты пераход абсталяваны як дадатковы. Пасыл быў такі, што трэба прыцягнуць увагу аўтамабілістаў да гэтага месца, дзе ўвесь час ходзяць людзі, нягледзячы на тое, што рабіць гэтага па правілах дарожнага руху нельга.

Да таго ж, абсталяваць з другога боку вуліцы ўхіл — не самая лепшая ідэя, таму што ён быў бы вялікі і небяспечны (асабліва ў зімовы час). Калі ж прыступкі камусьці не падабаюцца, то ў пары дзясяткаў метраў каля ААТ “Беларусбанк” ёсць асноўны зручны пешаходны пераход.

Ад сябе не магу не дадаць і яшчэ адно абсалютна дакладнае назіранне ў дачыненні да дадзенай сітуацыі: не было пераходу — не было праблемы. Хай бы і надалей красавалася ўтаптаная зямля на газоне, а людзі парушалі б правілы руху. Для паўнаты карціны туды б яшчэ супрацоўніка ДАІ ставіць, каб кожны дзень завяршаўся з “ураджаем” штрафаў. Вось тады б усё было нармальна, усё б падабалася. А так — нядобра. І “дзякуй” зноў ніхто не заслужыў.

Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *