ААТ «Машхарчпрад» убірае бульбу

Механізатар Яўген Насевіч.

«Восень — работ восем» — так часта кажуць работнікі сельгасарганізацый, дзе сапраўды праца разнастайная. А для працаўнікоў ААТ «Машхарчпрад» восенню на сваіх палетках адна справа — уборка бульбы.

Трохі больш за 600 гектараў на палях СУП «Дукора-Агра» заняў «другі хлеб», які   вырошчваўся для патрэб ААТ «Машхарчпрад». Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі з бульбы.

— Мы прыступілі да ўборкі бульбы яшчэ ў канцы ліпеня, — расказвае намеснік дырэктара ААТ «Машхарчпрад» Дзмітрый Лімараў.  — Першым убіралі бульбу нямецкага гатунка  «піролі». Ён дае ўра-джай па 290 цэнтнераў з гектара. Бульбу ўжо выкапалі на 165 гектарах. Таксама для вытворчасці чыпсаў добра падыходзяць гатункі  «журавінка» і «вектар»  з высокім утрыманнем сухога рэчыва.

Рэалізаваць плануюць  тысячу тон бульбы ў Малдову і столькі ж — ва Украіну, дзе з-за засушлівага  надвор’я сёлета атрымалі малы ўраджай. Таксама вывучаецца пытанне з пастаўкай бульбы ў Расію.

Перад тым, як выкапаць  бульбу, збіваюць бацвінне. Гэтым займаюцца   Віктар Емяльяненка і Дзяніс Чаплыгін. На бульбаўборачных камбайнах працуюць браты Міхаіл і Уладзімір Грышукі, Анатоль Лудчынскі і Яўген Насевіч. У дзень кожны з іх убірае каля чатырох гектараў. Каб аблегчыць работу механізатараў, сёлета ўстанавілі ў кабінах  бульбаўборачных камбайнаў кандыцыянеры.

Вадзіцель Дзяніс Гірвель і механізатар Уладзімір Грышук.

Убіраюць бульбу штодня. Адвозяць яе з поля  на  10 аўтамашынах МАЗ. Ужо пачалі закладваць на захоўванне насенне.  Усяго захаваць сёлета плануецца  10 тысяч тон, з якіх 400 тон — эліты.

Механізатар Міхаіл Грышук.

— Трэба сказаць, што бульба  вырасла нядрэнная, — адзначае Дзмітрый Віктаравіч. — Нягледзячы на тое, што надвор’е цэлае лета рабіла  сюрпрызы, ураджаем мы задаволены. Стаўку  робім на нямецкі сорт «каралева Ганна», які валодае высокімі таварнымі якасцямі, а таксама на беларускія гатункі «брыз», «журавінка» і «вектар». 100 гектараў мы адвялі пад насенную бульбу, 250 гектараў занялі для  харчовых мэт і 260 гектараў —  для перапрацоўкі. Дарэчы, у планах перапрацаваць   19 тысяч тон.

Бульбу на палях СУП «Дукора-Агра»  разлічваюць убраць   да 10 кастрычніка.

Анастасія ГЛЕБАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *