Молодёжь БРСМ падвёў вынікі працоўнага лета 2020 14.10.2020 182 Redactor Комментариев нет Каманзіры атрадаў Дзмітрый Сачок, Юлія Церабіла, Аляксандр Лягкоў, Марына Іванчыкава. У ліпені і жніўні на тэрыторыі нашага раёна працавала сем студэнцкіх атрадаў. Працоўны вопыт атрымалі 58 школьнікаў і студэнтаў. Які атрад быў самым паспяховым і хто з наймальнікаў лепш за іншых садзейнічаў у працаўладкаванні моладзі? Раённы камітэт ГА “БРСМ” падвёў вынікі працоўнага лета. Сёлета шэсць арганізацый раёна пагадзіліся папрацаваць з моладдзю. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Адамейка выказала спадзяванне, што ў наступным сезоне іх будзе больш, бо з кожным годам колькасць хлопцаў і дзяўчат, якія хочуць правесці лета з карысцю, расце. Лепшым наймальнікам прызнаны Пухавіцкі лясгас. Гэта арганізацыя, дарэчы, прыняла адразу два студэнцкія атрады. Яны працавалі ў лясным пітомніку ў Рудзенску. Лепшым студэнцкім атрадам названы атрад “Экавіта”, які быў сфарміраваны на базе УП “Жылцепласэрвіс” КГ. А лепшым камандзірам атрада стала Юлія Церабіла. У мінулым годзе яна ўпершыню далучылася да студатрадаўскага руху, а гэтым летам паспела двойчы пабыць камандзірам у атрадах, якія працавалі ў лясгасе. Дыпломам і каштоўным падарункам узнагародзіла дзяўчыну намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Вольга Камароўская. Вольга Камароўская віншуе Юлію Церабіла. Пяць камандзіраў атрадаў былі адзначаны падзякамі і падарункавымі сертыфікатамі на наведванне трэнажорнай залы “Ферум”. У намінацыі “Лепшы штаб працоўных спраў” перамог Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. — Мы ўдзячны ўсім, хто прымаў атрады, хто курыраваў іх дзейнасць, — падкрэсліла першы сакратар РК ГА «БРСМ» Алена Мазанік. — Хацелася б асабліва адзначыць педагога-псіхолага SOS-Дзіцячай вёскі Мар’іна Горка Ірыну Зальвоўскую, якая курыравала працу. У наступным годзе ўсіх жадаючых таксама запрашаем правесці лета з карысцю разам з намі. Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.