Ці лёгка спалучаць працу выкладчыка і кіраўніка музея? Аб гэтым расказала Алена СВІРЫДАВА, выкладчык і кіраўнік народнага музея МДАТК

Ці лёгка спалучаць працу выкладчыка і кіраўніка музея? Аб гэтым расказала Алена СВІРЫДАВА, выкладчык і кіраўнік народнага музея Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е. Лабанка.

Выбраць прафесію для мяне не было чымсьці складаным. З дзяцінства варыянт быў адзін: я  хацела стаць настаўнікам. Гуляючы са сваімі лялькамі, я праводзіла ўрокі. Па прыкладзе бабулі і дзядулі  марыла спачатку выкладаць у малодшых класах. Але ў чацвёртым класе, калі па школьнай праграме мы пачалі больш чытаць, абрала для свайго шляху ўсё ж такі мову і літаратуру. Пасля заканчэння школы паступіла ў Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў Мінску на спецыяльнасць “беларуская філалогія”.

З аграрна-тэхнічным каледжам імя У.Е. Лабанка я пазнаёмілася, калі мне было  дзевяць  гадоў. Мой бацька працаваў там дырэктарам і заўсёды браў з сабой на розныя мерапрыемствы і святы. Я была  добра знаёма з калектывам, працай выкладчыкаў і была ўпэўнена, што сама буду там працаваць. Так і адбылося. Я  працую  тут ужо 27 гадоў. Спачатку праводзіла  заняткі  па рускай  і  беларускай мове і літаратуры, а з цягам  часу  стала  выкладаць толькі беларускую мову і літаратуру.

Быць выкладчыкам беларускай мовы для мяне – гэта не проста тлумачыць правілы арфаграфіі і пунктуацыі. Мова ў сучасных умовах – гэта непасрэдна працэс выхавання. Праводзячы заняткі, я заўжды карыстаюся прынцыпам размаўляць у межах каледжа толькі на беларускай мове. Але аднойчы адступіла ад гэтага правіла. Тады мы з дзецьмі паехалі на экскурсію ў Мінск. У метро я перайшла на рускую мову, каб вучням было больш зразумела. Пасля таго, як усе выйшлі з вагона, я заўважыла, што не хапае адной студэнткі. Хутка патэлефанавала  ёй і спытала, куды яна знікла? Яе  адказ   запомніла  на  ўсё  жыццё:  “Алена  Валянцінаўна, вы заўсёды размаўляеце на беларускай мове. Я і падумаць не магла, што ад вас пачую рускую. Я сядзела і чакала “Октябрьскую” станцыю”… Пасля таго выпадку я карыстаюся роднай мовай і за межамі каледжа.

Акрамя заняткаў са студэнтамі, з 2016 года  я кірую народным музеем нашай навучальнай установы. Нашаму музею 58 гадоў. За ўвесь гэты час я толькі другі кіраўнік. Стваральнікам і першым яго  кіраўніком быў Рыгор Грабчыкаў, які сам абраў мяне на гэтую пасаду і даверыў усю сваю працу. І на сённяшні дзень я з гонарам магу назваць наш музей культурна-адукацыйным астраўком. І не толькі для супрацоўнікаў і навучэнцаў кале-джа, але і для ўсіх наведвальнікаў. Мы ўзаемадзейнічаем з рознымі ўстановамі культуры: Літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і Музеем гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску, з Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеем. У 2018 годзе наш музей атрымаў званне народнага, а ў 2023 годзе пацвердзіў гэты статус.

Мы  робім усё, каб моладзь разумела  знач-насць гісторыі і традыцый, важнасць Радзімы ў жыцці кожнага.

На пытанне ці лёгка сумя-шчаць заняткі са студэнтамі і кіраўніцтва музеем, я заўсёды адказваю: у асалоду, бо лічу, што гісторыя і родная мова цесна звязаны паміж сабой. Напрыклад, нашы  навучэнцы  часта пішуць сачыненні на тэму Бацькаўшчыны.

Вольны ад работы час я аддаю вышыванню і прагулкам на прыродзе. Але часцей за ўсё адпачываю з кнігай у руках. Самыя цікавыя аўтары для мяне – Іван Шамякін і Ніл Гілевіч. Раман Шамякіна “Людзі на балоце” я перачытваю бясконца і амаль ведаю на памяць. Таксама шмат вандрую па нашай краіне. Самы любімы горад – Гродна.

Але ўсё ж такі самае роднае і прыгожае для мяне месца – Мар’іна Горка, дзе я нарадзілася і вырасла.

Анастасія КАСЦЮКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *