Дапаможная гаспадарка прыносіць карысць

Цыбуля, агуркі, памідоры… Збіраць вырашчаны на ўласных палетках ураджай для працаўнікоў Пухавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната звыкла.  Гэта робіцца штогод.  І сёлетняе спякотнае лета не стала выключэннем і падставай не атрымаць да стала свежую гародніну. 

— З ранняй вясны ў сталовую дома-інтэрната мы пачалі здаваць свежую зялёную цыбулю, вырашчаную ў цяпліцы, — гаворыць загадчык дапаможнай гаспадаркі Фёдар Супрун. — У чэрвені ўжо пачалі збіраць ураджай агуркоў.  Да пачатку ліпеня паставілі ў сталовую  каля 400 кіла-грамаў гародніны.

У цяпліцы і ў адкрытым грунце спеюць памідоры.  Неўзабаве ў рацыёне пражываючых з’явяцца кабачкі і маладая бульба.

На градах дома-інтэрната звычайна растуць  таксама буракі і морква.  У гэтым годзе яны больш за іншыя культуры пацярпелі ад недахопу вільгаці.  Буракі прыйшлося нават перасяваць.  Каля 5 гектараў поля занялі сёлета пад бульбу, ураджаю якой звычайна хапае пад поўную патрэбу. 15 гектараў засеялі жытам і 5 — ячменем.

У гэтым годзе на лета ўпершыню былі ўзяты для вырошчвання бычкі.  Звычайна гэта рабілі адзін раз у год восенню.  Вырашылі паспрабаваць выгадаваць дзве групы. Калі эксперымент сябе апраўдае, гэта будзе рабіцца штогод.  Тым больш, што праблем пракарміць невялікае пагалоўе не бывае.

Традыцыйна калектыў дома-інтэрната займаецца добраўпарадкаваннем. Тут ведаюць, як рабіць гэта з фантазіяй, з густам. Сёлета на тэрыторыі сацыяльна-медыцынскай установы з’вілася многа руж. Ад кветнікаў цяпер проста немагчыма адвесці вочы.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *