Другая раённая інтэлектуальная гульня прайшла у Мар’інай Горцы. Фотасправаздача

Другі раённы інтэлектуальны квіз «Дарогамі памяці» правялі ў рэстаране «Спадчына».

За званне самай інтэлектуальна падкаванай змагаліся 12 каманд працуючай моладзі ўстаноў адукацыі, прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна, работнікі газазабеспячэння. Арганізаваў інтэлектуальны «батл» аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта.

Інтэлектуальнае спаборніцтва складалася з пяці раўндаў, якія ўключалі па 8 пытанняў. Час на абмеркаванне — 30 секунд. Пытанні ахоплівалі розныя тэмы, у тым ліку звязаныя з культурай нашай краіны, знакамітымі людзьмі, народнымі традыцыямі, прамысловасцю і архітэктурай. Таксама ўдзельнікі прадэманстравалі веданне гісторыі роднага краю, паказалі, наколькі добра ведаюць айчынныя брэнды. Маладыя людзі з бляскам дэманстравалі свой інтэлект, эрудыцыю і кемлівасць.

Па выніках усіх раундаў пераможцам раённага інтэлектуальнага квізу «Дарогамі памяці» стала каманда «Чырвоны май» Пухавіцкай сярэдняй школы імя А.Ф. Смеяновіча. Другое месца заняла каманда «Памяць зямлі маёй» Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна «Знак Пашаны» аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Я. Лабанка, трэцяе — удзельнікі каманды «Беларусачка» сярэдняй школы № 1 горада Мар’іна Горка.

Меркаванне

Ганна Аладка, камандзір каманды «Славянкі» Пярэжырскай сярэдняй школы:

— Інтэлектуальны квіз — гэта прыязная атмасфера, гульнявы азарт і разнастайныя заданні. Такія мерапрыемствы яднаюць моладзь, абуджаюць цікавасць да вывучэння гісторыі нашага раёна. Удзельнічаючы, мы адкрылі для сябе шмат новых фактаў. Напрыклад, што на душу насельніцтва ў нашай краіне прыпадае 6,6 літра квасу ў год.

Дзіяна Шчура, камандзір каманды «Васількі» Пухавіцкага раёна газазабеспячэння філіяла ПУ «Слуцкгаз»:

— Летась наша каманда ўжо ўдзельнічала ў інтэлектуальным квізе, толькі ў іншым складзе. У гэты раз удзельнічаць не менш весела і цікава, хіба што пытанні сталі складаней. Інтэлектуальны квіз дазваляе з карысцю правесці час і пасябраваць з новымі людзьмі.

Алеся Смірнова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *