Дзяцінства, загартаванае вайной

Марыя Дзевяціярава ўсё жыццё жыве ў вёсцы Зарэчча Блонскага сельсавета. У свае 87 гадоў тут яна самая старэйшая жыхарка. Калі Марыя Дзмітрыеўна праходзіць па родных мясцінах, ёй мімаволі ўспамінаюцца цяжкія імгненні мінулага. Па гэтай дарозе насіла немцам са сталовай ежу, там згарэла хата і снарадам забіла сястру, тут вялі на расстрэл…

У далёкім 1941 годзе ў бесклапотнае дзяцінства пяцігадовай дзяўчынкі ўмяшалася вайна. Марыя добра памятае, як прапанавала маці выкапаць глыбокую яму, уставіць там акенца і сядзець да самай перамогі.

Маленькая дзяўчынка разумела, што вайна — гэта вельмі страшна. Марыі давялося перажыць гора, страх, боль, слёзы, голад.

“Пан, дай Бім-Бом!”

— Калі ў вёску прыйшлі немцы, усіх мясцовых жыхароў выгналі з хат, — пачынае ўспаміны Марыя Дзевяціярава. — Бацьку я не помню: да вайны яго раскулачылі і саслалі. Мы з мамай, братам і сястрой жылі ў вялікай хаце. У адной палавіне немцы зрабілі харчовы склад, а ў другой жылі самі.  Днём нам дазвалялі прыходзіць у родны дом, але толькі для таго, каб працаваць. Я кожны дзень з кацялком хадзіла ў нямецкую сталовую, якая размяшчалася каля цяперашняга будынка школы, і прыносіла ежу. Рабіць гэта мне не хацелася, але я баялася адмовіцца. Чатырнаццацігадовы брат калоў немцам дровы.Пазней яго забралі на прымусовыя работы ў Германію.

Наша сям’я была вымушана жыць ў невялікім гумне недалёка ад дома.Там было вельмі холадна. Назаўжды запомніла, як мы прачыналіся з інеем на вейках.

Мы, дзеці, спачатку вельмі баяліся немцаў, але тыя, што жылі ў нашых хатах, нас не крыўдзілі. Мы нават часам прасілі: “Пан, дай бім-бом!”. Некаторыя даставалі цукеркі. Колькі шчасця было!  Аднойчы я чарговы раз папрасіла цукерку ў немца. Ён дастаў гасцінец, але не аддаваў і вёў мяне за сабой. Забыўшыся пра ўсё, я ішла за ім следам і думала толькі пра цукерку. Раптоўна заўважыла, што немец павярнуў на могілкі. Я вельмі спалохалася і пабегла дадому. Пасля таго разу больш цукерак не прасіла.

Аднойчы ўсіх жыхароў Зарэчча і бліжэйшых вёсак сагналі да царк-вы на расстрэл. Усе маліліся і плакалі, а я ўчапілася за маму і заплюшчыла вочы. Мы чакалі немца, які павінен быў аб’явіць нам пра расстрэл. Ён прыехаў і нечакана даў каманду ўсіх распусціць. Тады  ён захаваў сотні жыццяў.

Паліцаі страшней за немцаў

Марыя Дзевяціярава ўспамінае, што ў вёсцы былі паліцаі. І гэтыя здраднікі былі страшней за немцаў.

— Адзін паліцай, якога мы добра ведалі, прыходзіў і забіраў прадукты. Адкрываў усе шкафчыкі і скрыні, нічога нельга было схаваць, — гаворыць Марыя Дзмітрыеўна. — Маці слёзна пытала ў яго, што мы будзем есці. Ён казаў: дастанеце…

Пасля вайны, калі брата забіралі ў армію, Марыя Дзмітрыеўна ўбачыла былога здрадніка каля ваенкамата. Не вытрымала і падышла. Успомніла, колькі гора ён прынёс яе сям’і, і перад усімі назвала яго паліцаем. Ён хутка знік у натоўпе.

Другі паліцай пасля вайны прыехаў у Зарэчча. Увесь яго пінжак быў увешаны медалямі. Усе суседзі добра помнілі, як у вайну гэты паліцай вёз яўрэяў на Папову Горку і біў іх прыкладам па галовах, каб перасталі крычаць. Пасля ён з’ехаў з вёскі назаўсёды.

“Цёця Алеся, вашу Аню забіла!”

Напрыканцы вайны вялікае гора прыйшло ў сям’ю Марыі Дзмітрыеўны: снарадам забіла яе пятнаццацігадовую сястру.

— Мы ведалі, што каля вёскі будзе бой, таму сядзелі ў акопе. Да нас з мамай і сястрой далучылася знаёмая жанчына з чатырохгадовым сынам Ванькам, — успамінае субяседніца. — Сядзелі доўга, пасля пачулі ад вяскоўцаў, што ляцяць рускія самалеты. Жанчына пакінула Ваньку з намі, а сама пабегла паглядзець, што адбываецца навокал. Раптам мы пачулі, што гарыць наша хата. Мама хутка выбегла з акопа, я — следам за ёй. Толькі мы дабеглі да дома, ад суседкі  пачулі страшныя словы: “Цёця Алеся, вашу Аню забіла!” Чаго сястра з тым хлопчыкам вылезлі з акопа, невядома. Але прама каля іх разарваўся снарад, і яны загінулі на месцы.

Прусакі замест шкварак

Доўгачаканы дзень Перамогі жанчына таксама добра памятае. Дзеці бегалі і крычалі, што вайна скончылася. Усе радаваліся. Аднак жыццё ў той час усё роўна было цяжкім. Давялося жыць у зямлянцы. Там уся столь была ўсыпана прусакамі. Калі гатавалі есці, пара падымалася, і насякомыя ляцелі ў каструлю.

— Мы былі такія галодныя, што елі прусакоў разам з бульбай. Наша суседка казала,  што гэта замест шкварак, — успамінае Марыя Дзмітрыеўна. — Паўсюль былі клапы і вошы, жыць у такіх умовах было страшна.

Пазней з дошак злажылі хату на дваццаць квадратных метраў.Дзяўчынка хадзіла ў школу, але на занятках думала пра тое, як хочацца есці.

— На нашу долю выпала шмат выпрабаванняў. Цяжка было справіцца. Аднойчы я прыйшла са школы крыху раней. Зайшла ў хату, а там — пажар. Я пачала клікаць маму. Яна ляжала на печы і казала, каб я ішла з хаты. Мама хацела згарэць… Я хутка паклікала суседзяў, і яны пагасілі агонь.

У пятым класе Марыя Дзмітрыеўна кінула вучобу: цяжка захварэла маці, дома не было ежы.  Дзяўчынка ха-дзіла на падсобныя работы, садзіла бульбу і сушыла сена. У 48 гадоў матулі не стала.

Доўгачаканае  шчасце

У пятнаццаць гадоў дзяўчынка засталася сіратой.  Знаёмыя ўладкавалі яе спачатку на працу ў качагарку, пасля на вінзавод, дзе яна сушыла бульбу. Вечарамі дзяўчына разам з сяброўкамі хадзіла на танцы. Там аднойчы Марыя звярнула ўвагу на прыгожага вайскоўца Аркадзя, але ён танцаваў увесь вечар з яе сяброўкай і праводзіў тую дадому. Марыя Дзмітрыеўна вельмі перажывала, што хлопец выбраў не яе, аднак на наступны вечар усё атрымалася інакш. Аркадзь ужо танцаваў з ёю. Два гады яны сябравалі. І аднойчы Аркадзь прапанаваў распісацца. У сельсавеце даведаліся, што Марыі яшчэ не споўнілася васямнаццаць гадоў (для хлопца гэта таксама было навіной), але ўсё ж маладых  распісалі.

У сям’і нарадзіліся трое дзяцей. З мужам Марыя Дзмітрыеўна адсвяткавала залатое вяселле. Разам яны пражылі 53 гады.

Сапраўдны ўзрост Марыі Дзевяціяравай выдае толькі пашпарт. Яе аптымізму і жыццялюбству можна пазайздросціць. У яе адно жаданне:  каб быў мір! У гэтыя словы жанчына ўкладвае вялікі сэнс.

Тэкст: Кацярына  ІЛЬЮШЭНКА.

Фота: Кацярына  ІЛЬЮШЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *