Экіпажы-тысячнікі атрымалі падарункі

Камбайнер ААТ “Зазерка” Іон Панфіл і дырэктар гаспадаркі Андрэй Папельскі.

Імёны першых тысячнікаў сёлетняга жніва сталі вядомы напачатку мінулага тыдня. Услед за гэтай навіной у гаспадарках прайшло ўшанаванне перадавікоў. Першыя экіпажы атрымалі падзякі і грашовыя прэміі ад райвыканкама.

Уладзімір Асіпук  з ААТ “Агра-Абярэг” за рулём камбайна з сямнаццаці гадоў. Цікавасць да хлебаробчай справы прывіў бацька, які калісьці ўзяў дванаццацігадовага хлопчыка памочнікам на “Ніву”. З прафесійным шляхам Уладзімір не памыліўся: ён пастаянна ўваходзіць у лік лепшых  механізатараў не толькі   гаспадаркі, але і раёна.

Для камбайнера  ААТ “Зазерка” Іона Панфіла цяперашняя ўборачная кампанія запомніцца працай на новым камбайне GS-12A1.  На гэтай магутнай тэхніцы Іон Васільевіч стаў першым  тысячнікам  у  гаспадарцы. Шматгадовы  вопыт і адказнае стаўленне да працы — не менш важныя складнікі поспеху.

Лепшы камбайнер раёна па выніках жніва мінулага года Мікалай Крукоўскі з СУП “Дукора-Агра”  працуе ў экіпажы з сынам  Сяргеем.  Летась Мікалай Міхайлавіч намалаціў 3250  тон збожжа — рэкорд сярод пухавіцкіх хлебаробаў. На гэты сезон камбайнер пакуль прагнозаў не робіць, вынік працы будзе бачны пазней.

Камбайнер ААТ “Агра-Абярэг” Уладзімір Асіпук.

Экіпаж камбайна  з ААТ “Голацк”, у складзе якога працуюць Алег Маркаў і Рыгор Вярэніч, таксама атрымаў узнагароды як першыя тысячнікі жніва.

Падчас уборачнай кампаніі  незаслужана  незаўважанай застаецца праца вялікай колькасці людзей. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла    Ленкавец  і  начальнік  аддзела     ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Касмольская    ўручылі  падзякі і падарункі  загадчыцы сталовай ААТ “Агра-Абярэг” Галіне Барысенка і памочніку повара Ірыне Шапецька. Для жанчын гэтыя ўзнагароды не першыя. А   вось   электрагазазваршчык гаспадаркі Андрэй Воранаў віншаванні за прафесійную дзейнасць прымаў упершыню. Малады чалавек працуе ў сельгасарганізацыі трэці месяц, вярнуўся сюды пасля арміі.

Міхаіла Булгака з ААТ “Зазерка” я не раз сустракала на палетках. Упершыню бачу яго ў якасці камбайнера.

— Гэта мой трэці сезон на жніве. Калі кіраўніцтва прапанавала сесці на камбайн  —  згадзіўся  з   рада-сцю. Мне праца ў задавальненне. У кабіне ўсталяваны кандыцыянер, створаны добрыя ўмовы для працы, — гаворыць Міхаіл  Антонавіч.

Кароткачасовы перапынак дзеля атрымання падарункаў вымушаны былі зрабіць таксама камбайнер Пётр Юркевіч і механізатар Андрэй Куслій з ААТ “Зазерка”, камбайнер Сяргей Піталенка   і  вадзіцель  Анатоль Крайко з СУП “Дукора-Агра”. Падзяку атрымаў таксама    галоўны  аграном СУП  “Дукора-Агра”  Сяргей  Ракуцька.

Жніво на Пухавіччыне пераадолела экватар. Камбайнеры і вадзіцелі працягваюць залічваць на свой рахунак тоны збожжа новага ўраджаю.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *