Гістарычная памяць не бывае выбарачнай

Так лічыць вядомы беларускі гісторык Ігар Марзалюк. 

Аб курсе па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для вышэйшых  навучальных  устаноў, генацыдзе беларускага народа, патрыятызме і здрадніцтве, культуры контрпамяці, нацыянальнай ідэі беларусаў і іншых важных для разумення і мінулага, і сучаснасці рэчах ішла размова падчас дыялогавай пляцоўкі, на якой спікерам выступіў  доктар гістарычных навук, прафесар, член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк. На сустрэчу, якая праходзіла ў межах адзінага дня інфармавання ў раённым цэнтры культуры, запрасілі членаў працоўных калектываў Марінай Горкі, ветэранаў і моладзь, святароў.

Гістарычная памяць — гэта свецкі Катэхізіс нацыі, гэта свецкі «сімвал веры», які нас аб’ядноўвае, — так  лічыць Ігар Марзалюк. І раіць нічога ў гісторыі не хаваць, заўсёды гаварыць праўду, бо, на яго думку, гістарычная памяць не бывае выбарачнай.

Пазіцыя Ігара Аляксандравіча па многіх складаных з’явах  мінулага і сучаснасці добра вядомая. Ён настойліва паўтарае, што генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны — гэта не прыдумка нашага Прэзідэнта і генеральнага пракурора. Аб  гэтым  упершыню  загаварылі   менавіта заходнія гісторыкі. А здзекамі над жыхарамі Беларусі, массавымі забойствамі займаліся не толькі нямецкія акупанты, але і стаўшыя на іх бок літоўскія, латышскія, украінскія, беларускія нацыяналістычныя батальёны, члены польскай Арміі Краёвай, прычым  не толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але і на працягу некалькіх гадоў пасля яе заканчэння. У сучасным  свеце нацыяналістычныя ідэі захапілі частку моладзі. І да чаго  гэта  прывяло ў  Беларусі, мы бачылі падчас падзей 2020 года.

Ішла размова і аб тым, што кожны з нас хоча жыць у мірнай і стабільнай дзяржаве. А што для гэтага можа зрабіць кожны асабіста? Ігар Аляксандравіч падзяліўся сваім бачаннем. Ён параіў ніколі не галасаваць за галадранцаў, якія не змаглі накарміць сваю сям’ю,  за лузераў і няўдачнікаў, якія толькі ходзяць і нічога не робяць. І помніць, што той, хто бегае і скардзіцца на сваю Радзіму, нагадвае няўдзячнага сына, які аплёўвае сваю маці і ідзе скардзіцца да мачыхі. Яшчэ ён раіць не забываць, што людзі эгаістычны. Заўсёды ёсць тыя, хто выкарыстоўвае іншых для дасягнення сваіх мэтаў. І ёсць нямногія сябры, якія гатовыя  падтрымаць  у  складанай  сітуацыі. Таму  яшчэ  адна  парада —  берагчы сяброўства.  І з гэтым складана спрачацца.

Наталля  ВАСІЛЬЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *