“Грудок вусцянскі запаліў гваздзікі…”— памяці  Міхася  Міцкевіча

 

Век Міхася Міцкевіча не завяршыўся, хаця і пахавалі яго, хаця і завяршылася яго фізічнае жыццё

Чаму гавару пра незавершанасць?.. Чаму лічу, што зараз да месца выкласці менавіта гэтую перакананасць?.. Ды па адной простай прычыне: Міхась Канстанцінавіч быў і застаецца ў маёй свядомасці чалавекам сучасным, дзеяздольным, нягледзячы  на  тое, што ён нараджэннем з 1920-х гадоў.

І размовы з малодшым сынам пра яго бацьку — народнага песняра Беларусі Якуба Коласа, і размовы пра Пухавіччыну, дзе прайшло яго дзяцінства, і размовы пра беларускую літаратуру, і гутаркі пра навуку, гісторыю — усе гэтыя абсягі душэўных, шчырых практыкаванняў былі прыцягальнымі, былі настолькі рэльефнымі, кранальнымі, што здавалася, быццам Міхась Канстанцінавіч, маючы за плячыма вопыт, зважаючы на традыцыі, займеўшы права на сталыя павучанні, калі не ўсё, то шмат што ведаў пра будучыню. А мы ж, пагадзіцеся, заўсёды імкнёмся некуды зазірнуць далей!..

Міхась Канстанцінавіч не толькі ў дзяцінстве, маленстве жыў на Пухавіччыне, але быў прывязаны да нашай старонкі і ў сталыя гады. Ён шмат ездзіў, хадзіў па лясах, паселішчах раёна. Відаць, ніхто так, як ён, і не ведаў тапаніміку, мікратапаніміку ваколіц Беразянкі, Падбярэжжа, Вусця, Балачанкі, Загібелькі, Талькі, дзе ў перадваенныя гады і адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны адпачываў з сям’ёю Якуб Колас. Калі я пісаў свае кнігі, прысвечаныя літаратурнаму краязнаўству Пухавіччыны, — “Літаратурная  карта  Пухаўшчыны”,  “І  марам  волю  дам”,  “Края-знаўчы экскурс у вывучэнні беларускай літаратуры”, то нязменным маім кансультантам, дарадцам быў якраз Міхась Канстанцінавіч. Ведаю, што шмат добрых, карысных парад ён даў і Аляксандру Прановічу —  у арганізацыі экспазіцый у Пухавіцкім раённым краязнаўчым  музеі. Ды і шмат што перадаў з уласнага архіва, ад сваёй сям’і ў Пухавіцкі музей.

Мне радасна было ўсведамляць, з якой настойлівасцю, рашучасцю ў час, калі яму было за 80 і нават за 90 гадоў, Міхась Канстанцінавіч займаўся мемарыялізацыяй памяці пра Якуба Коласа і памяці пра Янку Маўра. Міхась Міцкевіч — зяць аўтара “Палескіх рабінзонаў”. Уражлівымі, цёплымі падаюцца кнігі ўспамінаў самога Міхася Міцкевіча, і сабраныя ім з дапамогай дачкі — Марыі Міцкевіч і ўнучкі — Васіліны Міцкевіч кнігі пра Маўра і Коласа ў серыі “Мастацкай літаратуры”  “Жыццё  знакамітых  людзей  Беларусі”. Хваробы, як мне падавалася, зразумела, з боку, не перашкаджалі  яму працаваць у гэтым накірунку інтэнсіўна, рашуча. Сталы ўзрост не замінаў яму адгукацца на многія просьбы аб сустрэчах са школьнікамі, моладдзю. Ён, доктар тэхнічных навук, ішоў у любую аўдыторыю. Часам гатовы быў літаральна ляцець на звычайнай маршрутцы ў самую маленькую вясковую школу. Што яму давала сілы?.. Галоўнае перакананне — паспець расказаць, паспець давесці  да   наступнікаў  усю  веліч і прыгажосць роднага беларускага слова, якому верна і разумна служыў яго бацька — аўтар неўміручай  “Новай зямлі” Якуб Колас.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі напісаў верш “Светлай памяці Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча”. Ёсць у ім і такія радкі: “Грудок вусцянскі запаліў гваздзікі/ Іскрынамі гарачае крыві/ І выдыхнуў на цэлы свет вялікі/ Балеснае, шчымлівае: жыві!..”

Так, па законах прыроды чалавек не можа існаваць фізічна праз усю вечнасць. Але жыццё такіх яркіх асоб, як Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, доўжыцца многія і многія часіны. І зарукай на тое іх светласць, іх фундаментальная, грунтоўная руплівасць дзеля роднага краю, дзеля  народа нашай Айчыны.

Алесь  Карлюкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *