Камунальнікі вядуць падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона

Работнікі цеплавой гаспадаркі УП «Жылцепласэрвіс» КГ працягваюць падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона. На ўсіх 38 кацельнях, якія знаходзяцца на балансе камунальнага прадпрыемства, вядуцца прафілактычныя работы на цепласетках і кацельным абсталяванні.

Слесар Аляксандр Навіцкі

— Ацяпляльны сезон 2021-2022 года прайшоў у штатным рэжыме без асаблівых праблем. Відавочна, што гэтаму мы абавязаны той рабоце, якая штогод праводзіцца па мадэрнізацыі цеплавой гаспадаркі. У гэтым міжацяпляльным перыядзе  яна працягнецца, — расказвае галоўны цеплатэхнік Дзмітрый Вяргейчык. — Будзе выкананы капітальны рамонт двух катлоў на кацельнях №4 і №9 у Пухавічах і Светлым Бары. У Блоні праведзена замена 2050 метраў цеплавых сетак. Усяго прадпрыемствам плануецца замяніць каля 6 кіламетраў. Акрамя Блоні, гэтыя работы будуць весціся ў Новай Зары. Выконваюцца яны ўласнымі сіламі без прыцягнення падрадчыкаў.

Улетку праводзяцца гідраўлічныя выпрабаваніі на цепласетках. На дадзены момант  гідраўлічныя выпрабаванні прайшлі больш за 144 кіламетры сетак.

Заўсёды адной з найважнейшых задач з’яўляецца нарыхтоўка мясцовых відаў паліва, якое выкарыстоўваецца на большасці кацельняў. Па плане мы павінны нарыхтаваць 17 тысяч кубаметраў дроў і дранкі. На дадзены момант нарыхтавана 10,2  тысячы кубаметраў. Да пачатку сезона мы будзем гатовы поўнасцю.

На кацельні №2 у Новай Зары, як і ўсюды, прафілактычныя работы — задача нумар адзін. Пакуль не пачалі замену ўчасткаў цепласетак, работнікі кацельні абслугоўваюць кацельнае абсталяванне, абсталяванне трох цеплавых пунктаў, праводзяць паверку цеплалічыльнікаў. Ідзе ўстаноўка  прыбораў уліку цяпла і манометраў на ЦЦП, у кацельні і жылфондзе.

З 18 ліпеня ў Новай Зары плануецца адключэнне гарачага водазабеспячэння для правядзення прафілактычных работ (прамыванне сістэм, цеплаабменнікаў, абслугоўванне помпавага абсталявання і г.д.). Трэба сказаць, што без гарачай вады насельніцтва мікрараёна не заставалася ўжо больш  як два гады. І зараз камунальнікі пастараюцца гэты адрэзак часу зрабіць максімальна кароткім.

— Лета для нас — перыяд, на працягу якога мы робім усё, што залежыць ад нас, каб ацяпляльны сезон прайшоў спакойна, без аварый, каб у дамах пухавіччан было цёпла і камфортна, — кажа Дзмітрый Вяргейчык. — Але і для нас не менш важна адсутнасць аварыйных сітуацый, бо працаваць у маразы на іх ліквідацыі не самы прыемны занятак, хаця аварыйныя брыгады гатовы ў любы момант выканаць сваю працу.

Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *