Мінулы ўік-энд выдаўся больш чым экстрэмальным

Мінулы ўік-энд выдаўся больш чым экстрэмальным і для грамадзян, і для большасці службаў  (дарожных, камунальных, медыцынскіх, энергазабяспечваючых). Снежна-ледзяная абстаноўка,  якая склалася з-за дажджу, стала сапраўдным выпрабаваннем.

Лёд пад нагамі, а таксама непрыбраны своечасова снег з дахаў і ледзяшы могуць стаць рэальнай пагрозай для жыцця і здароўя.  Не хадзіце зараз блізка да будынкаў,  глядзіце,  ці не звісаюць з дахаў  ледзяшы. Памятайце, што характар пашкоджанняў ад падзення снегу або лёду можа быць розным:  ад лёгкага сатрасення галаўнога мозгу да чэрапна-мазгавой траўмы.  А ў  горадзе ёсць такія ледзяшы, якія выглядаюць зусім не па-дзіцячы.  Уласнікам  будынкаў  трэба  не  чакаць адлігі, а задумацца над тым, як прадухіліць бяду.

Паводле інфармацыі  mlyn.by у Мінскай вобласці для ўборкі дарог у выхадныя было задзейнічана 480 адзінак тэхнікі. Работнікі МНС выязджалі 33 разы на выклікі па буксіроўцы транспарту, распілоўцы дрэў, дэмантажы дэфармаваных будаўнічых канструкцый. Заяўкі паступалі практычна з усіх раёнаў, у тым ліку з Пухавіцкага. І найбольш складаная сітуацыя з адключэннем электрычнасці ў нейкі момант складвалася менавіта ў нас.

— Тэхніка УП «Жылцепласэрвіс»  КГ працавала і днём, і ноччу, — расказвае начальнік участка «Добраўпарадкаванне» камунальнага прадпрыемства Юрый Нікіцін. — Толькі ў раёне Мар’інай Горкі было задзейнічана 3 пескараскідвальнікі, 2 пагрузчыкі, 5 трактароў. 24 рабочыя па комплекснай уборцы тэрыторый працавалі ў выхадныя дні на расчыстцы і падсыпцы тратуараў і прыдамавых тэрыторый. Безумоўна, аднамаментна мы не маглі справіцца з сітуацыяй на сто працэнтаў, таму што снег не спыняўся, а потым і зусім пайшоў дождж. Работы па расчыстцы праводзяцца па алгарытме (цэнтральныя вуліцы, пад’езды да сацыяльных аб’ектаў у першую чаргу), таму недзе грамадзянам даводзіцца чакаць.  Дыспетчары прымалі да 30 заявак за дзень ад насельніцтва. Мы імкнёмся вырашаць іх  максімальна апэратыўна. Але надвор’е працягвае нас выпрабоўваць, таму цяжкасці ў ліквідацыі стыхіі па-ранейшаму ёсць.

І, значыць,  нам можна будзе прадоўжыць наракаць на непаваротлівасць тых жа камунальнікаў ці дарожнікаў.  А можна замест гэтага паспрабаваць унесці свой асабісты ўклад у агульную справу і паўдзельнічаць ва ўборцы тэрыторыі ад снегу. Можна  выйсці  і  расчысціць  снег каля сваёй хаты, каля пад’езда, можна дапамагчы працаўнікам школ, дзіцячых садоў, куды ходзяць вашы дзеці.  Важна дапамагчы і пажылым людзям.  Прыклады такой неабыякавасці я не раз назірала ў адным кааператыўным жылым доме ў сталіцы: жыхары заўсёды падчас снегападу выходзілі  і дапамагалі дворніку чысціць снег, разумеючы, што чалавек  —  не машына і не можа не стаміцца.  Хто не верыць  —  вазьміце ў рукі рыдлёўку!   У нас у горадзе такога альтруізму я не назірала, на жаль, ні разу.

Вяртаючыся да працоўных выхадных, трэба адзначыць працу спецыялістаў раёна электрасетак. У панядзелак на  ліквідацыі       наступстваў непагадзі працавала 18 брыгад, 18 адзінак тэхнікі і 10 адзінак спецтэхнікі. На некалькіх малочнатаварных фермах былі ўстаноўлены  аўтаномныя  крыніцы  электразабеспячэння. За  выхадныя  дыспетчар прыняў  больш за  1000 заявак ад жыхароў Блонскага, Турынскага, Навапольскага і іншых сельсаветаў.

Аказаліся не гатовымі  да перамяшчэння ў  экстрэмальных умовах і  ўсе  мы. Лёд, аказваецца, нават калі ён месцамі пасыпаны, усё роўна слізкі. Падзенняў у такія дні пазбегнуць складана.  Добра, калі ўсё добра заканчваецца.  Але бывае і  наадварот.  Восем разоў за выхадныя дні «наадварот» усё  ж   такі  здарылася,  і  людзям   спатрэбілася дапамога медыкаў.  І яны просяць усіх  нас  быць максімальна асцярожнымі пры перамя-шчэнні ў такое надвор’е.

Па дадзеных Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, першую палову тыдня снег будзе ісці. У другой палове тыдня, паводле прагнозу, усталюецца больш стабільнае надвор’е. Да пятніцы — суботы чакаюць пахаладання ў стылі «мароз і сонца» — аж да -18 градусаў.

Алена   ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *