На апошніх гектарах убіраюць збожжавыя і зернебабовыя культуры ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна

З працоўнымі дасягненнямі ў гэтыя дні ўшаноўваюць камбайнераў, якія намалацілі звыш тысячы тон збожжа, вадзіцеляў, якія перавезлі дзве тысячы тон збожжа.

На мінулым тыдні падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта і райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі працаўнікі ААТ «Зазерка» і «Агра-Абярэг».

Як адзначыў, ацэньваючы пройдзены шлях, дырэктар ААТ «Агра-Абярэг» Пётр Казак жніво было вельмі складаным, хоць асабіста для яго далёка не першым па ліку. Пётр Васільевіч успомніў сваю першую ўборку ўраджаю, калі ў полі працавалі сем камбайнаў “Ніва”. Потым з якім натхненнем сустрэлі першы камбайн “Дон -1500”, потым “Лексіён”, як радаваліся гэтаму. А калі ў гаспадарцы з’явіліся GS, усе адчулі зусім іншы рытм і якасць уборкі. Самае галоўнае, канешне — гэта людзі, — лічыць Пётр Казак. — Без іх — тэхніка бяздушная.

Пётр Васільевіч падзякаваў усім удзельнікам уборачнай і запэўніў, што калектыў гаспадаркі здольны на яшчэ большы вынік.

Галоўны эканаміст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Каваленка ўручыла перадавікам гаспадаркі падзякі за працу і выказала пажаданні поспехаў у працы таму што услед за жнівом пачнецца не менш адказная сельгаскампанія – сяўба азімых. А гэта значыць будзе закладвацца аснова наступнага ўраджаю. Словы віншаванняў прагучалі таксама ад галоўнага бухгалтара райкама прафсаюза работнікаў АПК Ганны Ганчарык і першага сакратара раённага камітэта БРСМ Аляксандры Стош.

Завяршылі ўборку збожжавых культур на палях ААТ «Зазерка». Да жніва ў гаспадарцы было запланавана 2650 гектараў. Уборку праводзілі шэсць экіпажаў. — Адпрацавалі людзі добрасумленна, — адзначыў дырэктар ААТ «Зазерка» Андрэй Папельскі. — У пачатку ўборачнай былі праблемы з дажджамі, якія ўскладнялі працэс. На жаль, сёлета ўраджайнасць у нас на 20 працэнтаў меншая, чым летась. Недаатрыманне ўраджаю звязана з засухай, якая стаяла падчас паспявання коласа. Некаторыя ўчасткі выгарэлі практычна поўнасцю, іх убіралі толькі дзеля парадку на палях. Але нават пры гэтым усё не так кепска. Усё, што можна было зрабіць з боку агранамічнай службы, увесь комплекс мерапрыемстваў быў выкананы. Пры надыходзе спрыяльнага надвор’я тэмпы ўборкі былі высокія. У выніку у нас чатыры камбайнеры-тысячнікі і два вадзіцелі, якія перавезлі больш за тысячу тон збожжа.

Раней мы не займаліся азімым ячменем. Летась пасеялі яго на 310 гектарах і зарэкамендаваў ён сябе вельмі добра: даў самы высокі ўраджай сярод усіх культур па гэтай уборачнай — 41 цэнтнер на круг. Таму сёлета мы пашырым плошчу да 500 гектараў.

Цяпер мы пераходзім да нарыхтоўкі кармоў. Ужо рамантуем камбайны. Кукуруза са сланечнікам, якія мы пасеялі сёлета першы раз, ужо гатовы да ўборкі. Яны займаюць 200 гектараў. З гэтых палёў мы плануем нарыхтаваць не менш як 8 тысяч тон сіласу. Усяго ж кукуруза ў нас займае 1000 гектараў. Плануем сур’ёзны аб’ём работы. Усяго неабходна нарыхтаваць каля 30 тысяч тон сіласу. Калі збожжа мы перавезлі 7,5 тысячы тон, то тут у чатыры разы больш.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *