На календары — пачатак лета, і ў мехмайстэрнях кіпіць работа па падрыхтоўцы тэхнікі да жніва

Менш за месяц застаецца да пачатку галоўнай сельскагаспадарчай кампаніі года — уборкі ўраджаю. Пакуль пад чэрвеньскім сонцам наліваецца колас, у сельсарганізацыях не губляюць часу і рыхтуюць тэхніку да ўборачнай.

У ААТ «Індустрыя-СГ» у гэтым годзе ўбіраць хлеб з палёў будуць 9 камбайнаў. Для самага старога з іх — камбайна «Мега», шчыраваць на якім будзе Сяргей Ніпарка, — гэтая ўборка стане 19-й.

Браты Андрэй і Уладзіслаў Каралько

Васемнаццаты сезон у полі — у камбайна «Лексіён». Яго рамонтам займаюцца браты Андрэй і Уладзіслаў Каралько.

— Для мяне гэта будзе чацвёрты самастойны сезон, — расказвае Андрэй. — Да гэтага даводзілася быць памочнікам камбайнера. Цяпер дапамагаю брату, які сядзе за штурвал хлебаўборачнай тэхнікі праз некалькі тыдняў. Уладзіслаў — студэнт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Цяпер праходзіць практыку ў гаспадарцы. Убіраць ураджай будзе ўжо другі раз: для яго гэта добрая магчымасць набыць вопыт у хлебаробскай справе.

Зараз браты Каралько рамантуюць малацільны апарат камбайна.

У канцы чэрвеня яны выйдуць убіраць азімы ячмень пад які ў гаспадарцы адвялі 600 гектараў. А улічваючы тое, што сёлета, магчыма, збожжа саспее і раней, трэба быць на лінейцы гатоўнасці ў вызначаны тэрмін.

Як адзначыў галоўны інжынер ААТ «Індустрыя-СГ» Руслан Каралько, з набыццём запасных частак у гаспадарцы праблем няма: цесна наладжана супрацоўніцтва з Пухавіцкім доследна-эксперыментальным заводам, дзе токар Юрый Жаўнерчык па просьбе інжынернай службы выточвае складаныя запасныя часткі, што дазваляе эканоміць не толькі час, але і грашовыя сродкі. Паслугамі гэтага вопытнага майстра карыстаюцца не першы год і вельмі задаволены вынікам такарных і зварачных работ. Летась, напрыклад, сур’ёзных паломак тэхнікі падчас уборачнай кампаніі не было.

Механізатары пакуль задзейнічаны на розных сельгасработах: час корманарыхтоўкі ў самым разгары. Але як толькі выдаецца магчымасць, яны рыхтуюць збож-жаўборачныя камбайны, бо ад добрай работы тэхнікі залежыць вынік жніва.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *