На лясных могілках

Кіламетрах ў чатырох   ад  вёскі  Вугалец  Турынскага сельсавета ў лесе ёсць невялікія могілкі, дзе пахаваны мясцовыя жыхары, якія загінулі ад рук фашысцкіх карнікаў у 1944 годзе падчас блакады партызанскай зоны. Нядаўна вакол могілак з’явілася новая агароджа.

— Гэтыя лясныя могілкі, на якіх знаходзіцца 13 магіл мясцовых жыхароў і адно пахаванне невядомага салдата,  ніколі  не  былі  закінутымі,  —  рассказала старшыня Турынскага сельвыканкама  Святлана  Харытончык. — Сюды ўвесь пасляваенны час наведваюцца родныя загінуўшых. Даглядаюць яны не толькі  магілы сваіх блізкіх, але  і  пахаванне  невядомага  салдата.

Некалькі дзесяцігоддзяў таму работнікі Светлаборскага лясніцтва зрабілі вакол гэтых лясных могілак драўляную агароджу.  За доўгі час яна прыйшла ў нягоднасць.  І ў гэтым годзе Турынскі сельвыканкам вырашыў агароджу аднавіць. Падчас рэспубліканскага суботніка яго супрацоўнікі разабралі стары плот, навялі парадак на могілках.

Напярэдадні 9 мая магілы Іосіфа і Уладзіміра Карнейчыкаў наведалі іх родныя, якім  не спадабалася адсутнасць агарожы. З  пытаннем  аб яе аднаўленні яны  звярнуліся ў Мінаблвыканкам, а таксама прыехалі на прыём да старшыні райвыканкама Віктара Каляда. Турынскі сельвыканкам атрымаў даручэнне паскорыць работы.

Быў арганізаваны суботнік, у якім прынялі ўдзел супрацоўнікі сельвыканкама, Светлаборскага лясніцтва, Турынскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-базавая школа.  Аказаў дапамогу  ў правядзенні работ і прадпрымальнік Сяргей Гайдукевіч.  Агульнымі сіламі было адноўлена і пафарбавана 58 метраў агароджы на лясных могілках.

Наталля  ВАСІЛЬЕВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *