Напярэдадні раённага свята «Дажынкі» вынікі працы хлебаробаў падвёў Аляксандр Маеўскі

Раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла заўтра пройдзе ў гарадскім пасёлку Рудзенск. 

— Пухавіцкі каравай сёлета важыць 90 тысяч тон, што складае 115 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, — паведаміў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Маеўскі.

Сярэдняя ўраджайнасць склала больш за 34 цэнтнеры з гектара.  Намалот рапсу – 9,3 тысячы тон, што на 44 працэнты больш да ўзроўню мінулага года. Ура-джайнасць гэтай культуры дасягнула 26 цэнтнераў з гектара. Гэта ў сярэднім на 4 цэнтнеры больш, чым было летась.

У групе збожжавых культур перавага была аддадзена азімым, здольным у максімальнай ступені выкарыстоўваць вясновыя запасы вільгаці ў глебе і менш, чым яравыя, пакутаваць ад летняй засухі. Да таго ж, апрацоўваючы азімыя культуры, можна частку палявых работ перанесці на восень, дзякуючы чаму значна змяншаецца напружанасць у перыяд вясновай сяўбы. Варта адзначыць, што на асобных палях атрымана высокая для раёна ўраджайнасць. Лідарам па ўраджайнасці стала азімая пшаніца: яе сабралі 39 477 тон.

Пухавіцкія аграрыі ўнеслі свой уклад у харчовую бяспеку краіны: дзяржзаказ поўнасцю выкананы.

Усе, хто даўно працуе ў аграрнай галіне, ведаюць: няма аднолькавых пасяўных і ўборачных кампаній: заўсёды ёсць свае асаблівасці з-за надвор’я.

– Пры неабходнасці мы рабілі перакідку тэхнікі, каб працэс уборкі ўраджаю ішоў хутчэй, – адзначае Аляксандр Маеўскі. – І нават прыходзілі на дапамогу Мінскаму раёну.

З поўнай аддачай працавалі  не толькі ў полі, але і на збожжатоках, каб атрымаць збожжа высокай якасці.

Лідарам на ўборачнай стала ААТ «Голацк» з вынікам 8996 тон (ураджайнасць склала 47,3 цэнтнера з гектара). Гэтая ж сельгасарганізацыя выйшла ў лідары і па выніках работы на вясенне-палявых работах, сяўбе азімых культур і ўздыме зябліва. Таксама высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур дасягнулі СУП «Дукора-Агра» і ААТ «Агра-Абярэг», дзе сабралі 12655 і 9184 тоны збожжа адпаведна.

Камбайнеры ААТ «Зазерка» Сяргей Зароўны і Павел Наві-чыхін паставілі на жніве працоўны рэкорд, намалаціўшы больш за 2 тысячы тон збожжа кожны. Усяго 35 камбайнераў намалацілі звыш за тысячу тон, чатыры экіпажы – больш за 2 тысячы тон.

Добрасумленна, не лічачыся з часам, працавалі вадзіцелі. 16 вадзіцеляў перавезлі больш за тысячу тон збожжа, а вадзіцель ААТ «Зазерка» Аляксандр Холад  перавёз ад камбайна          3 751  тону  збожжа.  Больш  за  2,5 тысячы тон перавёз вадзіцель СУП «Дукора-Агра» Аляксей Максімовіч. Паставілі працоўныя рэкорды і маладыя вадзіцелі. Дапамагалі на жніве працаўнікі іншых прадпрыемстваў: «Мінскметрабуд», УП «Жылцепласэрвіс» КГ, ААТ «Машхарчпрад», «Мар’інагорскі завод жалезабетонных вырабаў».

–  Слоў падзякі за нялёгкую хлебаробскую працу заслугоўвае кожны, хто быў за штурвалам камбайна, машыны, хто дапрацоўваў збожжа на зернесушыльных комплексах,  клапаціўся аб умовах бяспечнай працы,  забяспечваў гарачым харчаваннем, – адзначае Аляксандр Маеўскі. – Уборачная кампанія  –  гэта работа сотняў людзей, працавітых, адказных, адданых сваёй справе і роднай зямлі.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *