Главное Настаўнік фізічнага выхавання Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната ўзнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 07.10.2019 257 Redactor Комментариев нет Калі настаўнік фізічнага выхавання Рудзенскай дапаможнай школы—інтэрната для дзяцей—сірот Дзяніс Шакура выбіраў участак для будаўніцтва ўласнага дома, вуліца яшчэ не мела назвы. А потым стала Стадыённай. — Згадзіцеся, назва якраз падыходзіць для чалавека маёй прафесіі, — жартуе кожны раз, гаворачы пра гэта, Дзяніс Мікалаевіч. Прафесію педагога, дарэчы, Дзяніс Шакура абраў не адразу. Да арміі атрымаў сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю і марыў стаць урачом. Але пасля вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці педагога. Паступіў ва ўніверсітэт фізічнай культуры на завочнае аддзяленне і прыйшоў працаваць у Рудзенскую школу-інтэрнат. З таго дня прайшло больш за 20 гадоў, і настаўнік упэўнены, што ўсё зрабіў правільна. Менавіта тут ён знайшоў сваё прызванне і любімую работу, за вынікі якой напярэдадні Дня настаўніка Дзяніс Шакура ўзнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Высокую ўзнагароду наш зямляк атрымаў у ліку трох педагогаў Мінскай вобласці на сцэне Палаца Рэспублікі. — Я ведаў, калі выбіраў месца працы, што гэта не зусім звычайная ўстанова адукацыі, і працаваць я буду з дзецьмі, якія маюць псіхафізічныя асаблівасці, — кажа Дзяніс Мікалаевіч. — Але адчуваў упэўненасць, што я спраўлюся. Тым больш, за плячыма былі базавыя медыцынскія веды. Так і атрымалася. Увесь гэты час я з задавальненнем штодня працую з дзецьмі, імкнучыся ўмацаваць іх здароўе і прывіць любоў да спорту і фізкультуры. Кантакт з дзецьмі малады педагог знайшоў лёгка. Гэта і не дзіўна, бо настаўнік разам з вучнямі ганяў па футбольным полі мячык, адціскаўся, падцягваўся, гуляў у баскетбол, дэманструючы, да чаго хлопцам і дзяўчынкам варта імкнуцца. З часам спартыўныя інтарэсы дзяцей выйшлі за межы ўрокаў. Былі створаны спартыўныя секцыі. Школьнікі сталі больш актыўна займацца плаваннем і футболам. — І вынікі выступленняў на спецыяльных рэспубліканскіх спаборніцтвах неўзабаве пачалі нас радаваць, — расказвае Дзяніс Шакура. — Мы неаднаразова станавіліся чэмпіёнамі рэспублікі. Таму з часам задумаліся: а што далей?.. А далей вырашалася пытанне аб удзеле рудзенскіх школьнікаў у міжнародных стартах для выхаванцаў спецыялізаваных устаноў. Гэта было няпроста, але згоду нашы землякі атрымалі. І ў 2007 годзе каманда школы-інтэрната па плаванні паляцела ў Кітай на спецыяльныя міжнародныя летнія алімпійскія гульні. — Гэта быў незабыўны візіт, — успамінае Дзяніс Шакура дні ў Шанхаі. — Кітай у 2007 годзе рыхтаваўся да правядзення Алімпіяды, таму на такіх гульнях праходзіла свайго роду рэпетыцыя. Арганізацыя была на вышэйшым узроўні. Дзеці ўбачылі іншую краіну, пазнаёміліся со сваімі аднагодкамі з усяго свету. Але галоўнае: мы вярнуліся з узнагародамі. Два залатыя медалі, тры сярэбраныя і адзін бронзавы прывезлі нашы школьнікі на Пухавіччыну. Я ганарыўся дзецьмі і іх поспехамі. Гэта выступленне стала матывацыяй для яшчэ больш сур’ёзных заняткаў спортам. Тым больш, што ў школе створаны проста цудоўныя ўмовы для гэтага: ёсць спартыўная і трэнажорная залы, стадыён, басейн. — Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця заняткі фізкультурай і спортам найбольш даступныя і карысныя, — кажа Дзяніс Мікалаевіч. — Таму школьнікі любяць і плаваць, і гуляць у рухомыя гульні. Нядаўна асвоілі гульню бачэ і атрымалі на чарговых спецыяльных алімпійскіх гульнях у Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) залатыя і сярэбраныя медалі ў гэтай дысцыпліне. Золата на гэтых сёлетніх міжнародных стартах узяла ў плаванні Настасся Дубік, а жаночая футбольная каманда стала другой. Дарэчы, гэты год для рудзенцаў быў вельмі насычаным: акрамя стартаў у Абу-Дабі, дзеці выступалі на спартыўных спаборніцтвах у Люксембургу і Санкт-Пецярбургу. Заўсёды вярталіся з перамогамі. Такім чынам, медальная скарбонка рудзенскіх школьнікаў пастаянна папаўняецца. Дзеці любяць перамагаць, але не менш яны любяць проста выязджаць за межы дома-інтэрната, дзе праходзіць усё іх жыццё. Спорт для іх — свайго роду акно ў свет. І адкрыта яно было дзякуючы сапраўды апантанаму ў сваёй прафесіі чалавеку — настаўніку Дзянісу Шакуру. Алена ШАНТЫКА.