В трудовых коллективах Настаўніца гісторыі Рудзенскай СШ заўсёды ў творчым пошуку 16.04.2019 539 Redactor Комментариев нет І ўрок на вышэйшым узроўні правесці, і з вучнямі пазакласныя мерапрыемствы арганізаваць, і сур’ёзна заняцца з імі навукова-даследчай работай, і не забыцца пра ўласную вучобу ў аспірантуры… А пасля яшчэ знайсці час, каб паехаць у горы і пакарыць не адзін снежны схіл… Усё гэта — пра настаўніцу гісторыі Рудзенскай СШ Наталлю Іванюк, якая па выніках работы ў мінулым годзе была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама і занесена на раённую Дошку гонару. Сама ж Наталля Сяргееўна, я ўпэўнена, большым дасягненнем для сябе лічыць поспехі вучняў. Як, напрыклад, ні ганарыцца тым, што на міжнародным конкурсе даследчых работ імя Вярнадскага ў Маскве выпускнік школы Уладзіслаў Сакалоў стаў лаўрэатам са сваёй навуковай работай «Баявы шлях 220-га артылерыйскага палка і яго ўклад у вызваленне Пухавіччыны», а Дзяніс Хобня атрымаў на тэсціраванні 99 балаў?! — Наталля Іванюк — цудоўны настаўнік. Яна не проста любіць свой прадмет — яна можа зацікавіць вывучэннем гісторыі сваіх вучняў, — гаворыць дырэктар школы Людміла Гамаліна. — І дзеці з задавальненнем ідуць на ўрок да настаўніцы, якая заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку. А зараз, дарэчы, зноў суправаджае сваіх вучняў на чарговым конкурсе ў Маскве. Алена ІВАНОВА.