Настаўнік, падпольшчыца, герой… Тры ролі на жыццёвым шляху Любы Гайдучонак

 

Чым далей адыходзяць ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым важней памятаць тых, хто цаной уласнага жыцця каваў перамогу на фронце і ў тыле. Але імёны нашых герояў-землякоў захаваны не толькі ў народнай памяці: імі названы вуліцы і завулкі, у гонар іх узведзены помнікі і мемарыялы…

Адзін з такіх помнікаў знаходзіцца ў парку горада Мар’іна Горка. Ён быў устаноўлены камсамольцамі раёна ў 1972 годзе ў гонар падпольшчыцы Любы Гайдучонак. Яе гісторыя з’яўляецца яскравым прыкладам таго, што жанчыны, ваяваўшыя нароўні з мужчынамі, шмат зрабілі для перамогі над ворагам. Дзяўчына была не толькі членам, але і арганізатарам партызанскага руху на тэрыторыі Мінскай вобласці.

Любоў Гайдучонак нарадзілася ў вёсцы Берлеж Пухавіцкага раёна. Як і ўсе маладыя людзі, пасталеўшы, пачала будаваць планы на жыццё, марыла стаць настаўніцай. Скончыўшы Мінскі педінстытут імя Максіма Горкага, яна ўладкавалася школьным настаўнікам у Рызе. Магчыма, жыццё і далей цякло б даволі размерана, але ўсё перакрэсліла вайна. Любе было ўсяго 20 гадоў.

Маладая камсамолка эвакуіравалася на ўсход. Але адседжвацца, пакуль на франтах ідуць жорсткія баі за Радзіму, было не ў яе характары. Люба вырашыла паехаць у ЦК Камсамола Беларусі, дзе прасілася на Міншчыну на падпольную працу. Пасля гэтага яна прайшла пад-рыхтоўку камсамольскіх работнікаў.

У 1942 годзе дзяўчыну ўсё ж накіравалі ў тыл ворага. Там яна стала прадстаўніком ЦК ЛКСМБ па Мінскай вобласці, членам Мінскага падпольнага міжрайкама, сакратаром Мінскага падпольнага райкама ЛКСМБ. Люба не губляла часу і разгарнула актыўную барацьбу супраць фашыстаў. З яе ўдзелам праводзіліся дыверсіі, знішчаліся стратэгічныя аб’екты і варожыя склады, распаўсюджваліся антыфашысцкія ўлёткі, партызанам перадавалася зброя. Любоў Гайдучонак стварала ў вёсках новыя падпольныя камсамольскія групы, са-дзейнічала з’яўленню ў горадзе Мар’іна Горка Пухавіцкага падпольнага райкама ЛКСМБ. Яе добра ведалі байцы партызанскіх атрадаў у Чэрвеньскім, Пухавіцкім, Мінскім раёнах. Калі ў 1942 годзе падполле раскрылі, Любові Георгіеўне ўдалося ўстанавіць сувязь з уцалелымі камсамольскімі атрадамі і аднавіць іх дзейнасць.

Смерць напаткала Любоў Гайдучонак у  няроўным  баі. Як гэта адбылося, згадваецца  ў кнізе «Памяць. Пухавіцкі раён»:

«23 мая 1943 года з групай таварышаў Люба вярталася з чарговага задання. Каля вёсцы Клебанцы, што ў Мінскім раёне, партызаны трапілі ў варожую засаду. Завязаўся бой. Сілы былі няроўныя. Дзяўчыну раніла ў абедзве нагі. Ісці яна не магла. Тут жа вырашыла прыкрыць адыход партызан. Трапнымі стрэламі з пісталета стрымлівала яна гітлераўцаў. Каб не трапіць у рукі катаў жывой, Люба пакінула апошні патрон для сябе…»

У кнізе «Памяць. Пухавіцкі раён» мне ўдалося знайсці крыху інфармацыі пра членаў сям’і Любові Гайдучонак — брата Яўгена і маці Паўліну, чые жыцці таксама абарвала гэтая кровапралітная вайна. Яўген загінуў у партызанах у 1943 годзе, а Паўліну зажыва спалілі фашысты ў вёсцы Арэхаўка Чэрвеньскага раёна ў маі 1944 года.

Многа гадоў Любові Гайдучонак ужо няма з намі, але памяць пра яе жыве і будзе жыць на пухавіцкай зямлі вечна. Імем падпольшчыцы ў горадзе Мар’іна Горка названы парк, дзе ёй устаноўлены помнік, а ў сярэдняй школе №1 — піянерская дружына.

Любоў  Георгіеўна пасмяротна была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны першай ступені.

Алеся  СМІРНОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *