Не гаварыць, а рабіць

«З тысяч тых, хто гаворыць прыгожа, я выберу таго, хто моўчкі робіць справы…» Не ведаю, хто сказаў гэтыя словы. Але нельга сказаць лепш пра тых, хто заўсёды чакае, што за іх нехта вырашыць праблему, а сам у гэты час толькі назірае і скардзіцца.

Зноў успомніўся гэты вершаваны выраз пасля размовы з адным выдатным маладым чалавекам, які адносіцца да той катэгорыі, што моўчкі робяць справу.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

— Я не разумею тых, хто нават за вырашэннем дробязнага пытання спяшаецца патэлефанаваць у адпаведныя службы, запісацца на прыём да чыноўнікаў розных рангаў, дэпутатаў і г.д., — кажа Андрэй. — А часам патрэбна ўсяго толькі лямпачку ўкруціць на лесвічнай пляцоўцы…

Вось наконт лямпачак не магу не пагадзіцца з суразмоўцам, таму што ў нашым пад’ездзе мяняем  іх гадамі толькі мы з суседкай. Астатнія хо-дзяць, падсвятляючы смартфонам прыступкі і чакаючы рэакцыі камунальнікаў.

—Не ведаю, мне, напрыклад, нескладана пайсці купіць у краме дошку і паправіць на дзіцячай пляцоўцы прыступку на лесвіцы, бо яна зламалася нечакана, а дзеці ходзяць гуляць, — кажа Андрэй. — Я разумею, колькі працы ў камунальнікаў. Важнай, працаёмкай, тэрміновай. Безумоўна, іх абавязак абслугоўваць прыдамавыя тэрыторыі, але чаму я не магу дапамагчы і зрабіць тое, што ўмею. Я гэта раблю для свайго дзіцяці, якому  павінна быць кам-фортна.

Але не толькі ў камфорце справа. Паказваючы сваю актыўную грама-дзянскую пазіцыю, свае неабыякавыя адносіны да таго, што адбываецца, бацькі вучаць дзяцей паступаць гэтак жа. Таму не здзіўлюся, што  дзіця Андрэя вырасце свядомым і добрым чалавекам. А якім вырасце дзіця суседа, што парэкамендаваў Андрэю пакінуць прыступку зламанай і чакаць камунальнікаў, бо мы ім плацім, — пытанне. Магчыма, тое дзіця стане «хадаком» на асабістыя прыёмы грамадзян і прасіцелем падсыпаць ямку каля плота, усталяваць на вуліцы насуперак сацстандартам ліхтар (замест таго, каб зрабіць святло на двары сваёй прыватнай хаты), або пафарбаваць лаўку каля пад’езда.

А няўжо так складана нешта зра-біць самім? Як  нядаўна зрабілі неабыякавыя людзі, якія адгукнуліся і прыйшлі ў свае выхадныя дні, каб дапамагчы пачысціць дно Цітаўкі ад расліннасці. Тое, што сёння на мосце мы бачым ваду, а не зараслі, шмат у чым заслуга менавіта простых неабыякавых людзей. Добра, што ёсць яшчэ такія.

Алена  МАКСІМАВА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *