Першыя акорды жніва. На мінулым тыдні першыя камбайны выехалі ААТ «Новы Бор» у поле

Першыя акорды жніва — гэта заўсёды хвалюючыя хвіліны. Камбайнеры кажуць: вельмі прыемна бачыць, калі бункер напаўняецца залацістым зернем. Таму працуюць яны з асаблівым настроем. Цяпер галоўнае, каб не падводзіла тэхніка і неба. Людзі, вядома ж, прыкладуць максімум сіл, каб вырашчаны ўраджай убраць у самыя кароткія тэрміны.

На мінулым тыдні першыя камбайны выехалі ў ААТ «Новы Бор». На полі каля вёскі Купалле экіпажы ўбіралі азімы ячмень на плошчы 35 гектараў. Гэта была своеасаб-лівая праверка гатоўнасці тэхнікі да ўборачнай.

Усяго ў гаспадарцы азімы ячмень вырошчвалі на 150 гектарах. У мінулым годзе ўпершыню па-спрабавалі вырошчваць гэтую культуру. Ураджайнасцю заста-ліся задаволены, бо сабралі 40 цэнтнераў збожжа з гектара. У гэтым годзе, вядома ж, паўплывалі ўмовы надвор’я. Гарачы чэрвень скарэкціраваў планы хлебаробаў, і спадзяванні на ўраджай ужо не тыя, на якія разлічвалі. Але ўсё ж, як кажа галоўны аграном ААТ “Новы Бор” Марыя Цымановіч, разлічваюць атрымаць добры ўраджай, таму што пасеялі ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны, унеслі неабходны комплекс удабрэнняў.

У гаспадарцы з аптымізмам прыняліся за ўборку. Знайшлі вопытных людзей, якія добра ведаюць тэхніку і асаблівасці працы на хлебным полі. Добра падрыхтавалі машыны, герметычна абсталяваўшы прычэпы для перавозкі збожжа.

Гатова сушыльная гаспадарка. ЗСК-20 здольны прапусціць да 60 тон збожжа за суткі пры вільготнасці 18 працэнтаў. Дарэчы, з першых участкаў збожжа паступае менавіта такой вільготнасцю.

Напярэдадні выезду ў поле інжынер Канстанцін Булгак правёў інструктаж, галоўны аграном пажадала хлебаробам лёгкага жніва.

Пачатку жніва вельмі чакаў камбайнер Аляксандр Кляўко. Да гэтага ён быў заняты на нарыхтоўцы кармоў: працаваў на корма-ўборачным КВК.

Камбайнер ААТ «Новы Бор» Аляксандр Кляўко.

— Вядома, сёлета першыя дні ідуць напружаней, — кажа камбайнер. — Даводзіцца знаходзіць выхад: ніжэй апускаць жняярку і ехаць павольней, чым раблю гэта звычайна: недзе 2,5 кіламетра за гадзіну. Вядома, бункер набіраецца крыху даўжэй, але камбайн працуе ўпэўнена. Трэці сезон убіраю на ім ураджай. Працуем у полі, пакуль раса не ўпадзе. Галоўнае, каб надвор’е было сонечным і здароўе не падводзіла.

Побач з Аляксандрам Іванавічам працуе Анатоль Лабанок. Яго камбайн праходзіць своеасаблівы тэст-драйв на полі. Першым выхадам у поле камбайнер задаволены. Новая тэхніка нібыта плыве. Жатка ў камбайне не 7, а 9 метраў, што дазваляе убраць больш збожжа за адзін праход.

Усяго ў жніве ў гаспадарцы будуць удзельнічаць 9 камбайнаў. Нагрузка на кожны вялікая: 360 гектараў. Да таго ж, у сельгас-арганізацыі камбайнеры працуюць без памочнікаў.

Следам за камбайнамі вядзецца прасаванне саломы. На гэтым участку заняты Георгій Фурс.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *