Работнікі Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі рэйды па пляжах

Папярэднія тыдні парадавалі беларусаў добрым надвор’ем, і, ратуючыся ад спёкі, грамадзяне накіраваліся да вадаёмаў. Але адпачынак не ўсім прынёс задавальненне. Толькі за мінулыя выхадныя ў рэспубліцы ў час купання патанулі 15 чалавек, у тым ліку адно дзіця. Большасць з іх адпачывалі ў забароненых месцах, што не дазволіла аператыўна аказаць неабходную дапамогу і прадухіліць гібель.

З мэтай нагадаць грамадзянам аб простых правілах бяспечных паводзін на вадзе работнікі Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі рэйды па пляжах. Падчас прафілактычных мерапрыемстваў ратавальнікі абследавалі і дазволеныя, і забароненыя месцы для купання. Тым, хто адпачываў каля вады, распавялі аб правілах паводзін у спякоту і на вадаёмах, аб небяспецы купання ў стане алкагольнага ап’янення. Акрамя таго, работнікі МНС нагадалі бацькам, што дзеці не павінны знаходзіцца ля вады без нагляду, бо нярэдка чалавечая бестурботнасць прыводзіць да трагедыі. Грамадзянам уручылі памяткі з рэкамендацыямі ад МНС.

Спякота сыходзіць, але купальны сезон яшчэ не заканчваецца. Таму напаміны аб бяспечных паводзінах каля вады не губляюць актуальнасці.

Святлана ЛАБКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *